Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцэ-прэмʼера Кіргізстану адхілілі ад арганізацыі выбараў за праўладную агітацыю


Першага віцэ-прэмʼера Кіргізстану Дуйшэнбека Зілаліева абвінавацілі ў агітацыі за кандыдата ад улады і адхілілі ад кіраўніцтва рэспубліканскім штабам арганізацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

Дуйшанбек Зілаліеў застаўся на пасадзе віцэ-прэмʼера, але штаб замест яго ўзначаліць іншы віцэ-прэмʼер — Тэмір Джумакадыраў.

Падставай для адхіленьня Зілаліева ад кіраўніцтва выбарчым штабам стала ягоная заява на пасяджэньні з актывам Баткенскай вобласьці, у якой ён заклікаў чыноўнікаў падтрымаць на выбарах Сааранбая Джээнбекава, стаўленьніка дзейнага прэзыдэнта.

Выступ Зілаліева, які выклікаў сканадал, удалося запісаць карэспандэнту радыё «Азатык».

«Я прашу ў вас падтрымаць нас, нашага кандыдата. Палітыку прэзыдэнта працягне Сааранбай Шарыпавіч (Джээнбекаў). Я сам прагаласую за яго, — сказаў Зілаліеў. — Вы ўсе працуеце і атрымліваеце заробак ад дзяржавы, гэтага бюджэту, прашу, ня плюйце ў калодзеж, зь якога пʼяце», — сказаў віцэ-прэм'ер.

На поўдзень Кіргізстану Зілаліеў накіраваўся для таго, каб прасачыць, наколькі гатовыя мясцовыя ўлады да правядзеньня празрыстых выбараў.

Зілаліеў лічыць, што ягоныя словы не былі агітацыяй: «Мяне там спыталі, я адказаў, за каго аддам (голас). Я загадзя папярэдзіў, што гэта нельга прымаць за агітацыю».

Прэзыдэнцкія выбары ў Кіргізстане пройдуць 15 кастрычніка. На пасаду прэзыдэнта прэтэндуюць 13 кандыдатаў, сярод якіх тры экс-прэм'еры — Тэмір Сарыеў, Амурбек Бабанаў і Сааранбай Джээнбекаў, а таксама грамадзкая дзяячка Тактайым Уметаліева.

XS
SM
MD
LG