Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскі парлямэнт не захацеў публікаваць прозьвішчы былых супрацоўнікаў КДБ


Былы будынак КДБ у Вільні, 2014

Літоўскі парлямэнт не пагадзіўся на абнародаваньне прозьвішчаў ўсіх былых супрацоўнікаў КДБ, у тым ліку і тых, якія зрабілі прызнаньне аб гэтай дзейнасьці і атрымалі абяцаньне дзяржавы захоўваць іх таямніцу.

За праект прагаласавалі 19 дэпутатаў Сэйму, супраць было 26, 33 устрымаліся. Дэпутат ад Выбарчай акцыі палякаў Літвы-Саюзу хрысьціянскіх сем’яў Зьбігнеў Ядзіньскі, які прадстаўляў законапраект, сказаў, што «так назаўжды можна было б закрыць ганебную кнігу КДБ» і што гэта дазволіла б больш не казыраць картай КДБ, асабліва перад выбарамі, ды не шантажаваць былых супрацоўнікаў.

«Вы прапануеце абнародаваць не дакумэнты КДБ, вы прапануеце апублікаваць дакумэнты Дэпартамэнту дзяржбясьпекі», — пярэчыў яму дэпутат-кансэрватар Арвідас Анушаўскас.

Менавіта ў Дэпартамэнце дзяржбясьпекі Літвы захоўваюцца дакумэнты былых супрацоўнікаў КДБ, якія зрабілі прызнаньне.

Падобная прапанова, якую цяпер зрабіў Зьбігнеў Ядзіньскі, абмяркоўвалася ў Сэйме і ў 2015 годзе, аднак тады парлямэнтарыі пастанавілі, што зьвесткі аб былых супрацоўніках КДБ, якія прызналіся да супрацоўніцтва, павінны захоўвацца ў таямніцы яшчэ 75 гадоў.

Закон, які ўступіў у сілу ў 2000 годзе, дазволіў былым супрацоўнікам КДБ і іншых савецкіх спэцслужбаў, а таксама тайным супрацоўнікам зрабіць прызнаньне і зарэгістравацца ў адмысловай люстрацыйнай камісіі, якая гарантавала сакрэтнасьць гэтых зьвестак. Прызнаньне для люстрацыйнай камісіі зрабілі 1589 чалавек. На падставе захаваных дакумэнтальных матэрыялаў КДБ ацэньваецца, што ў 1940–1991 гадах з КДБ Літоўскай ССР таемна супрацоўнічалі каля 118 тысяч чалавек.

Прозьвішчы агентаў і супрацоўнікаў КДБ, якія не зрабілі прызнаньня, ужо некалькі гадоў публікуюцца ў Інтэрнэце на сайце www.kgbveikla.lt. Іх публікуе Цэнтар дасьледаваньняў генацыду і рэзыстансу жыхароў Літвы.

XS
SM
MD
LG