Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15-мэтровы бел-чырвона-белы сьцяг разгарнулі на Майдане ў Кіеве


19 верасьня 1991 году бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» сталі дзяржаўнымі сымбалямі Беларусі. У гадавіну гэтай падзеі беларускія і ўкраінскія актывісты разгарнулі ў Кіеве на Майдане Незалежнасьці вялікі бел-чырвона-белы сьцяг.

Беларус Алег Аўчыньнікаў сказаў Свабодзе, што сшыў яго сам:

«Тут немагчыма набыць сьцяг, таму даводзіцца замаўляць або шыць самім. Апошняе — таньней».

Самаробныя бел-чырвона-белыя сьцягі Алег дорыць украінскім сябрам, якія падтрымліваюць Беларусь.

Да ўдзельнікаў акцыі падыходзілі мінакі, віталі іх лёзунгам «Жыве Беларусь!» і пакідалі на сьцягу свае пажаданьні беларусам.

«Выхоўвайце новую эліту ўжо, бо калі пераможаце — будзе каму кіраваць дэмакратычнай Беларусьсю», — напісаў Глеб з Адэсы.

«Жадаю Беларусі расквітнець ды стаць вольнаю, магутнаю і шчасьліваю дзяржаваю. Дзякую вам за падтрымку Ўкраіны», — зычэньне кіяўлянкі Кацярыны.

«За вольную нацыю. У сваёй хаце свая праўда, і сіла і воля», — працытавала Тараса Шаўчэнку Ірына з Чаркасаў. Яна кажа, што ваявала разам зь Віталём Целяжэнкам і Алесем Чаркашыным, якія загінулі на Данбасе.

Акцыю зладзілі Беларускі цэнтар ва Ўкраіне «Сябры», беларускія добраахвотнікі і рух салідарнасьці «Разам». Да іх далучыліся ўкраінскія актывісты.

Арганізатары акцыі перададуць сьцяг з пажаданьнямі ўкраінцаў у Менск. Яны лічаць, што гэта будзе падтрымкай актывістам, якіх у Беларусі перасьледуюць за адстойваньне нацыянальных інтарэсаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG