Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўны ідэоляг Мінабароны назваў антыбеларускіх лабістаў у Расеі


Генэрал-маёр Аляксандар Гура ў часопісе Адміністрацыі прэзыдэнта назваў «мазгавым цэнтрам» антыбеларускіх сілаў Вышэйшую школу эканомікі ў Маскве. А хто там яшчэ?

У артыкуле, апублікаваным у «Беларускай думцы», галоўны ідэоляг Міністэрства абароны назваў дэструктыўнымі і псэўдапатрыятычнымі тыя сілы ў Расеі, якія фармуюць грамадзкую думку пра нібыта штучнасьць беларускай дзяржавы.

На думку памочніка міністра, непрыняцьце сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі лабіруюць «уплывовыя радыкальныя суб’екты». Адказнасьць за антыбеларускую рыторыку Гура ўсклаў на шэраг буйных бізнэс-структур, але не ўдакладніў, на якія канкрэтна. Іх мазгавым цэнтрам ён назваў Вышэйшую школу эканомікі ў Маскве.

«З дапамогай сваіх СМІ (сайты «Палітычны агляд» з Андрэем Суздальцавым, «Імпэрыя», інфармагенцтва «Рэгнум «і іншыя) яны фармуюць адпаведведна нэгатыўнае грамадзкае меркаваньне пра Беларусь» — піша Гура.

У артыкуле галоўны ідэоляг Міністэрства абароны не прыводзіць прыкладаў дэструктыўнай дзейнасьці з боку заходніх структур, урадаў ці грамадзкіх аб’яднаньняў. Гура раскрытыкаваў толькі лёзунг «Беларусь у Эўропу» і патлумачыў, пад ім «маецца на ўвазе спроба растварэньня нацыянальна-культурнай ідэнтычнасьці шляхам прапаганды нібыта эўрапейскіх каштоўнасьцяў».

Ён дадаў, што любыя дзеяньні адносна Беларусі, якія не адпавядаюць нацыянальным інтарэсам — няважна адкуль яны сыходзяць — будуць атрымліваць адпор. Як мы паведамлялі ў жніўні, у пераліку выклікаў для беларускай дзяржавы Гура назваў у тым ліку імпэрскія амбіцыі Расеі.

«Нельга дапусьціць паслабленьня ў грамадзтве пачуцьця патрыятызму, гатоўнасьці грамадзян да ўзброенай абароны сваёй краіны. Нельга гэтага дапусьціць ні пры якіх умовах» — напісаў у «Беларускай думцы» начальнік галоўнага ўпраўленьня Міністэрства абароны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG