Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы як ахвяры адвольных затрыманьняў, паклёпніцкіх кампаній і цэнзуры, — справаздача АБСЭ па Беларусі


Ілюстрацыйнае фота. Дзень Волі-2017. АМАП уварваўся ў офіс праваабарончага цэнтру «Вясна», затрымаў усіх прысутных. 25 сакавіка 2017 году

Колькасьць і сур’ёзнасьць пагрозаў і нападаў на праваабаронцаў у рэгіёне АБСЭ працягваюць расьці цягам апошніх трох гадоў. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ, надрукаванай на сайце праваабарончага цэнтру «Вясна».

Дакумэнт пад назвай «Адказнасьць дзяржаваў: абарона праваабаронцаў у рэгіёне АБСЭ (2014-2016)» быў прэзэнтаваны ў кулюарах Нарады ў пытаньнях чалавечага вымярэньня, якая адбываецца ў Варшаве. Ён ацэньвае выкананьне дзяржавамі — удзельніцамі АБСЭ міжнародных стандартаў, выкладзеных у Агульных прынцыпах абароны праваабаронцаў, апублікаваных у 2014 годзе.

Пагрозы і напады на праваабаронцаў удвая шкодныя: як для іх ўласнай бясьпекі, так і для бясьпекі тых людзей, дзеля абароны якіх яны працуюць.

«Высновы справаздачы адзначаюць звужэньне грамадзкай прасторы, у якой грамадзянская супольнасьць здольная эфэктыўна адыгрываць сваю важную ролю аказаньня дапамогі ў абароне і заахвочваньні правоў усіх прадстаўнікоў грамадзтва, — сказала дырэктарка БДІПЧ Інгіб’ёрг Соўлрун Гістладоўтыр. — Пагрозы і напады на праваабаронцаў удвая шкодныя: як для іх ўласнай бясьпекі, так і для бясьпекі тых людзей, дзеля абароны якіх яны працуюць».

Справаздача крытыкуе Беларусь за шматлікія перашкоды для законнай дзейнасьці праваабаронцаў. У прыватнасьці, актывістам адмаўляюць у доступе ў месцы зьняволеньня. Праваабаронцы становяцца ахвярамі адвольных затрыманьняў, паклёпніцкіх кампаній, анлай- і афлайн-цэнзуры.

«Улады працягвалі блякаваць сайты праваабарончых арганізацый, відавочна, каб перашкодзіць доступу грамадзкасьці да іх справаздачаў», — гаворыцца ў дакумэнце.

Праваабаронцы таксама адзначылі цяжкасьці, зь якімі сутыкаюцца журналісты і супрацоўнікі сродкаў масавай інфармацыі; абмежаваньні і штрафы, якія накладаюцца на праваабаронцаў за арганізацыю або ўдзел у мірных сходах, адмовы ўладаў у задавальненьні просьбаў аб рэгістрацыі НДА, у тым ліку дзясяткаў грамадзкіх арганізацый і некалькіх праваабарончых арганізацый у 2014-2016 гадах.

Дзейнасьць незарэгістраваных НДА ў Беларусі па-ранейшаму забароненая на ўзроўні закону, а парушэньне абмежаваньняў караецца зьняволеньнем да двух гадоў.

«Гэтыя заявы былі адхіленыя з розных, відавочна адвольных прычынаў, — гаворыцца ў дасьледаваньні. — Дзейнасьць незарэгістраваных НДА ў Беларусі па-ранейшаму забароненая на ўзроўні закону, а парушэньне абмежаваньняў караецца зьняволеньнем да двух гадоў».

У справаздачы таксама падкрэсьліваецца слабое ўключэньне грамадзянскай супольнасьці ў кансультацыі наконт праектаў законаў і рашэньняў дзяржаўных органаў, а таксама адзначаецца прэфэрэнцыйны падыход да праўрадавых НДА ў гэтым пытаньні.

Беларускія праваабаронцы паведамляюць пра незаконныя і непрапарцыйныя абмежаваньні на іх права на свабоду перамяшчэньня.

Справаздача асобна згадвае справу вядомай праваабаронцы, старшыні праўленьня Цэнтру прававой трансфармацыі LawTrend Алены Танкачовай, высланай зь Беларусі на тры гады «відавочна, у сувязі зь яе працай ў галіне правоў чалавека у краіне».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG