Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея і Кітай адмовіліся падпісаць дэклярацыю Трампа аб рэформе ААН


Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш (зьлева) і прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп на паседжаньні, прысьвечаным рэформе арганізацыі

Расея і Кітай абвясьцілі, што не падпішуць дэклярацыю прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа аб рэформе ААН, накіраваную на больш эфэктыўнае вырашэньне ўсясьветных крызісаў. 142 дзяржавы (разам з ЗША) дакумэнт падтрымалі.

142 краіны сьвету, уключаючы ЗША, Вялікую Брытанію, Нямеччыну і Японію, пагадзіліся падтрымаць рэформу Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным дакумэнце, разьмешчаным на сайце амэрыканскай дыпляматычнай місіі пры ўсясьветнай арганізацыі.

Дзяржавы, якія падпісалі дэклярацыю, заклікалі генэральнага сакратара ААН Антонію Гутэрыша ўзначаліць працэс рэформаў. У дакумэнце, які складаецца зь 10 пунктаў, гаворыцца, у прыватнасьці, пра неабходнасьць умацаваньня партнэрства паміж краінамі-чальцамі арганізацыі, а таксама пра розныя захады ў паляпшэньні каардынацыі паміж імі. Дэклярацыя таксама закранае пытаньне аптымізацыі кадравай палітыкі ў ААН.

Прадстаўнікі Расеі заявілі, што падтрымліваюць ідэю палягчэньня бюракратыі ААН, але лічаць, што падобныя зьмены павінны быць агавораныя краінамі-чальцамі, а не навязаныя дэклярацыяй, напісанай аднымі Злучанымі Штатамі.

«Арганізацыя мае патрэбу ў рэфармаваньні, але не кардынальным», — раней заявіў сталы прадстаўнік Расеі пры ААН Васілій Нябензя ў інтэрвію ТАСС.

У гэты аўторак у Нью-Ёрку пачнуцца агульныя спрэчкі Генэральнай Асамблеі ААН, у якіх прымуць удзел кіраўнікі больш як 130 дзяржаў. Упершыню з гэтай трыбуны выступіць прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. У сваёй прамове ён закране пытаньні Паўночнай Карэі, міжнароднага тэрарызму і іранскага ядзернага пагадненьня, паведаміў раней дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан.

Напярэдадні Трамп заявіў, што перашкодай на шляху развіцьця ААН стала бюракратыя і неэфэктыўнае кіраўніцтва, занадта вялікія фінансавыя выдаткі і празьмерная колькасьць пэрсаналу.

XS
SM
MD
LG