Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская журналістка пра «Захад-2017»: Лукашэнка загадаў адно, а вайскоўцы зрабілі, як ім зручней


Насьця Станко ў Менску
Насьця Станко ў Менску

Журналістка ўкраінскага «Грамадзкага тэлебачаньня» Наста Станко прыехала ў Беларусь адмыслова асьвятляць беларуска-расейскія манэўры «Захад-2017». 17 верасьня яна наведала Ружанскі авіяцыйны палігон. Але тое, што паказалі журналістам, яе не задаволіла. У размове са Свабодай Наста Станко патлумачыла, чаму.

«Мы падавалі заяўку на асьвятленьне манэўраў за два дні да выезду. Але калі прыехалі ў Менск, нам сказалі, што нібыта не атрымлівалі заяўкі. Але абышлося — прэсавая служба Мінабароны дапамагла, нас усё ж уключылі ў групу, якая выправілася на Ружанскі палігон. Чаму менавіта туды? Нам выбіраць не давялося, сказалі, што самі вызначаць, хто куды паедзе, і толькі на адзін палігон. Маўляў, шмат акрэдытавалася журналістаў, 270, і ў мэтах бясьпекі групы будуць па 40 чалавек», — кажа Станко.

Што пабачылі журналісты на палігоне?

Усё назіраньне за манэўрамі на Ружанскім палігоне заняло гадзіну. І што ж за гэты час пабачыла журналістка?

Нам проста сказалі, каб мы стаялі на вышцы, адтуль назіралі, а калі ўсё скончыцца, дык ішлі ў аўтобус, які павязе нас у Менск

«Як мы зразумелі, там беларускія і расейскія лётчыкі мелі заданьне зьнішчыць самалёты сэпаратыстаў, якія, паводле легенды, захапілі лётнішча з авіятэхнікай. Таксама, паводле легенды, ПЗРК сэпаратыстаў падбіў адзін самалёт саюзьнікаў — Расеі і Беларусі, і якраз адпрацоўвалі ратаваньне двух лётчыкаў, якія катапультаваліся. Толькі гэта, уласна кажучы, мы добра і бачылі, бо неба было зацягнутае хмарамі, ішоў дождж, самалёты ляталі, але недзе высока, за хмарамі, — кажа Насьця Станко. — Яшчэ на адлегласьці 4 кілямэтры ад нас быў выбух. Мы яго чулі, бачылі дым. Потым бачылі верталёты, якія ратавалі тых пілётаў, што прызямліліся пасьля катапультаваньня. Адны верталёты былі зь беларускай сымболікай, другія — з расейскім трыкалёрам на борце. Таксама над намі праляцелі самалёты і схаваліся за хмарамі. Потым нам сказалі, што гэта быў паветраны бой. На палігоне ніводнага вайскоўца мы ня бачылі і ні з кім пагаварыць не змаглі. Нам проста сказалі, каб мы стаялі на вышцы, адтуль назіралі, а калі ўсё скончыцца, дык ішлі ў аўтобус, які павязе нас у Менск. Гэтак і адбылося».

Дарэчы, дарога на Ружанскі палігон, назіраньне за паветраным боем ды вяртаньне ў Менск — усё гэта разам заняло больш за 9 гадзін. Ці пакармілі ў дарозе журналістаў?

«Да палявой кухні нас не прывозілі. Можа, баяліся, што загаворым з кашаварамі, выведаем іх ваенную тайну», — кажа ўкраінская журналістка.

У чым рэалістычнасьць легенды манэўраў?

Паводле Насьці, яны не змаглі задаць свае журналісцкія пытаньні нават намесьніку камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі Беларусі, які выступаў перад імі на Ружанскім палігоне. Рэпартэрка ўспамінае, як вайсковец зачытваў свой тэкст. «З паперкі, ды яшчэ зь ня вельмі зразумелай вайсковай лексыкай».

А пра што яна хацела спытаць у высокапастаўленага беларускага вайскоўца?

Насьця Станко кажа, што цікавіла яе, сярод іншага, паходжаньне легенды манэўраў на Ружанскім палігоне і яе рэалістычнасьць.

«Зразумела, што любая легенда — гэта прыдумка. Але ўсё ж наколькі рэалістычная гэтая карціна, што нейкія сэпаратысты захопліваюць лётнішча, падымаюць у паветра баявыя самалёты, страляюць з зэнітна-ракетнага комплексу, і гэтых тэрарыстаў падтрымлівае нейкая суседняя краіна? На брыфінгу казалі, што ня могуць камэнтаваць рэалістычнасьць гэтага сцэнару. Але я, прыкладам, была на Данбасе, асьвятляла падзеі вакол Данецкага аэрапорту, за які ішлі ўпартыя баі, і для мяне гэта вельмі падобная карціна, хоць і быццам бы наадварот. У вас гэтаксама сэпаратысты захопліваюць лётнішча, і ім дапамагае суседняя краіна. Але ў рэальнасьці гэта Расея, а яна ваша саюзьніца. І як тады разумець гэтую легенду? Але няма каму задаць такія пытаньні», — кажа журналістка.

Што бачаць на манэўрах «Захад-2017» вайсковыя аташэ?

Акрамя 40 журналістаў з розных выданьняў і тэлеканалаў, на вышку для назіраньня за манэўрамі на Ружанскім авіяцыйным палігоне ўзабраліся некалькі вайсковых аташэ. Насьця Станко ведае, што там былі аташэ краін NATO, якія суседнічаюць зь Беларусьсю, а таксама прадстаўнікі Нарвэгіі і Ўкраіны.

«Яны бачылі тое самае, што і мы. І, як і нас, іх таксама адразу забралі ды адтуль павезьлі. Аташэ нам казалі, што ім дазволяць пабываць на 5 палігонах, а нам, журналістам, будзе дазволена наведаць толькі адзін палігон», — кажа прадстаўніца «Грамадзкага тэлебачаньня».

«Мы тут не для таго, каб лічыць рускіх салдат» — міжнародныя назіральнікі на вучэньнях «Захад-2017»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:00 0:00

Чаму журналістам не дазваляюць кантактаваць з вайскоўцамі?

Журналістка дзівіцца, чаму ёй і калегам не далі магчымасьці пагаварыць з вайскоўцамі, якія праходзілі навучаньне на манэўрах. «У гэтым жа сэнс — каб чамусьці новаму навучыцца. Дык чаму б ня даць нам магчымасьці распытаць гэтых людзей, як ім тут, што новага пазналі? Яны ж непасрэдныя ўдзельнікі падзей!» — кажа Насьця Станко і ўспамінае сваю працу на манэўрах 12 год таму.

У 2005 годзе яна асьвятляла манэўры пад Львовам з удзелам вайсковых частак краін NATO.

«Мы, журналісты, жылі з вайскоўцамі на адным палігоне, маглі бачыць і здымаць усё: як яны раніцай робяць зарадку, як трэніруюцца, як адпачываюць, што адбываецца на палігоне. Маглі размаўляць зь любым шарагоўцам ці афіцэрам, пытацца, што падабаецца, што не. Але тут фармат зусім іншы — нам нічога гэткага не прапануюць».

Паводле Насьці Станко, журналісты ўкраінскага «Грамадзкага тэлебачаньня» прасілі ў Мінабароны Беларусі дазволу пабываць і на іншых палігонах, дзе адбываюцца манэўры, але пэўнага адказу пакуль не атрымалі.

«Нам сказалі, што высьветляць, ці выйдзе нас звазіць яшчэ куды на палігон, і патэлефануюць. Але дагэтуль маўчаць, і, мяркую, ужо нікуды мы больш не паедзем, а заўтра мусім зьехаць зь Беларусі. Таму нашы кантакты з вайскоўцамі абмежаваныя вечаровымі брыфінгамі ў Міністэрстве абароны», — кажа суразмоўца.

«Як бы чаго ня выйшла»

«Як мне падаецца, вашы вайсковыя начальнікі прытрымліваюцца старога савецкага правіла „Як бы чаго ня выйшла“, — падсумоўвае ўкраінская журналістка. — У выніку, хоць Аляксандар Лукашэнка загадаў, каб манэўры прайшлі максымальна адкрыта, але вайскоўцы зрабілі гэтак, як ім зручней. То бок нібыта да прэсавай службы ў нас няма прэтэнзій, але што да забесьпячэньня інфармацыяй — ёсьць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG