Інжынэру-праграмісту Адылету Абылаву 32 гады. Сваё жыцьцё ён ужо даўно і шчыльна зьвязаў са сфэрай ІТ, але горы, што віднеліся з акна бабулінай хаты, натхнілі яго на новае захапленьне. Ужо некалькі гадоў ён фатаграфуе неверагодныя пэйзажы роднага Кіргізстану, а фота выкладае ў свой інстаграм.

Упершыню Адылет асэнсавана ўзяў у рукі камэру толькі некалькі гадоў таму. Асновы фотаздымкаў ён вывучаў па кнігах. Сябры ціха пасьмейваліся, калі ён скончыў трохдзённыя курсы мабільнай фатаграфіі.

"У нейкі момант я зразумеў, што мне падабаецца ня проста хадзіць і фатаграфаваць усё запар – калі ў мяне атрымліваецца нешта добра, прыгожа. [Пасьля курсаў] я пачаў думаць пра кампазыцыю, пра тое, як сьвятло падае. Яны змаглі прыадчыніць дзьверцы ў сьвет фатаграфіі".

Празь некалькі гадоў пасьля заканчэньня Кіргізскага тэхнічнага унівэрсытэта Адылет заснаваў кампанію ІТ-аўтсорсінгу Spalmalo, якую да гэтага часу ўзначальвае. Паводле яго слоў, захапленьне дапамагае пазбавіцца ад стрэсу на працы. Ня менш за два разы на месяц ён абавязкова едзе ў горы. І нават нягледзячы на шчыльны графік заўсёды знаходзіцца час для вылазкі і фатаграфіі.

"Я магу сам у сябе адпрасіцца – сьмяецца Адылет, але амаль адразу яго голас становіцца сурʼёзным. – Але часам прымушаю сябе кудысьці выяжджаць. Хаця б за горад вечарам пагуляць, таму што без такой разгрузкі можна на працы звар'яцець".

Сваё захапленьне прыродай ён тлумачыць успамінамі з далёкага мінулага.

"У дзяцінстве мяне на вакацыях адпраўлялі ў вёску да бабулі. Яна ў гарах, ва ўсходнім Ісык-Кулі. І я памятаю, што яшчэ зь дзяцінства мне гэта падабалася, была цікавасьць да ўсяго гэтага. Я нават зьбіраўся стаць натуралістам" - успамінае Адылет.

Улюбёнае месца Адылета - Вялікі Алай, даліна на мяжы з Таджыкістанам і Кітаем. Менавіта там пачынаецца горны ланцуг Паміра, які цягнецца праз поўдзень Цэнтральнай Азіі. Пэйзаж, які прымушае вяртацца туды некалькі разоў на год.

"Там вельмі мала людзей, высакагорʼе. Усё такое дзікае і дзіўнае", – кажа Адылет.

Да фота-падарожжа ён рыхтуецца загадзя: маршрут складаецца за некалькі тыдняў, графік плянуецца так, каб у вызначаны час быць у пэўным месцы, разьлічваюцца запасы ежы і вады. Кожная паездка доўжыцца некалькі дзён з абавязковым начлегам у гарах, часта – у палатках, каб засьпець сьвітаньне і надвячорак. У горы Адылет звычайна адпраўляецца разам са сваім сябрам, які таксама захапляецца фатаграфіяй.

"За гадзіну да сьвітаньня або заходу сонца і гадзіну пасьля – тады сьвятло вельмі мяккае, прыгожае, і не такое рэзкае, як днём. Мы стараемся ў такі час фатаграфаваць. Вядома, калі пахмурна, то можна атрымаць добрыя фатаграфіі і днём".

Сябры ўвесь час просяць сфатаграфаваць іх ці папрацаваць на вясельлі. Адылет рашуча адмаўляецца – "Мне проста пакуль гэта не цікава". Але ўсё-ткі задумоўваецца пра тое, каб у будучыні паспрабаваць сябе ў іншых жанрах.

Да моманту, калі Адылет адкрыў для сябе фатаграфію, ён ужо некалькі гадоў шчыльна захапляўся музыкай і нейкі час быў дыджэем – нават купіў уласнае абсталяваньне і шмат кружэлак, якія цяпер распрадае.

"Праца стала займаць больш часу. Ды і цікавасьць страціў – прызнаецца ён. – Але я заўсёды быў некамэрцыйным дыджэем. У мяне свае ідэі і ўяўленьні пра музыку – тое я і граў".

Ён ладзіць сэты і сёньня, але толькі па просьбах сваіх знаёмых, і калі яму будзе цікава. Але на фотаздымкі ў Адылета больш доўгатэрміновыя пляны.

"Калі я дасягну пэўных гадоў, аб'ежджу сьвет, усе месцы, якія хачу наведаць: Патагонію, Ісьляндыю, Лафатэны, Канаду, Аляска, Новую Зэляндыю, Антарктыду. Калі ўсё гэта атрымаецца, магчыма, я зачыню свой гештальт і захачу займацца чымсьці іншым".