Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяляцкі пра хвалю пераатэстацыі адвакатаў: «Улады хацелі б пакінуць актывістаў без сумленных абаронцаў»


Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі
Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі

Беларускія праваабаронцы не выключаюць, што чарговая хваля пераатэстацыі адвакатаў у краіне можа стаць інструмэнтам ціску і запалохваньня з боку ўладаў.

Паводле правваабарончага цэнтру «Вясна», гэтым летам Міністэрства юстыцыі праверыла працу шэрагу адвакатаў у Менскай гарадзкой і Магілёўскай абласной калегіях адвакатаў. Па выніках праверкі пазачарговая атэстацыя прызначаная 25 адвакатам — 23 у Менску і 2 у Магілёве. Таксама каля 60 адвакатаў павінны прайсьці чарговую пераатэстацыю, якая праводзіцца раз на пяць гадоў, у калегіях адвакатаў. Пераатэстацыю яшчэ васьмёх абаронцаў у лістападзе правядзе Мінюст.

«З аднаго боку, гэтыя праверкі і атэстацыі вонкава выглядаюць як звычайныя працэдурныя дзеяньні ўнутры прафэсійнай супольнасьці. З другога, гэтая масавая пазачарговасьць, з улікам неабароненасьці інстытуту адвакатуры перад Мінюстам, ня можа не зьвярнуць на сябе ўвагу», — адзначаецца ў заяве праваабаронцаў.

Старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі заявіў, што «пераатэстацыі адвакатаў устрывожылі праваабарончую супольнасьць Беларусі»:

Чарговая хваля ціску на адвакатаў зьвязаная з боязьзю ўладаў магчымых сацыяльных пратэставых акцыяў.

«Мы бачым у іх інструмент ціску і запалохваньня з боку ўладаў у дачыненьні да незалежнага інстытуту абаронцаў. Улады жадаюць, каб у асяродзьдзі адвакацкай супольнасьці панавала атмасфэра няўпэўненасьці і страху. Чарговая хваля ціску на адвакатаў зьвязаная з боязьзю ўладаў магчымых сацыяльных пратэставых акцыяў. Улады хацелі б пакінуць грамадзкіх актывістаў без сумленных абаронцаў, адзін на адзін з залежнай ад уладаў судовай сыстэмай».

У 2011 годзе ўлады разгарнулі кампанію ціску на адвакатаў. У выніку пазачарговай пераатэстацыі шэраг абаронцаў зьняволеных экс-кандыдатаў у прэзыдэнты і ўдзельнікаў акцый пратэсту былі пазбаўленыя ліцэнзій. Сярод іх ​Алег Агееў, Тацяна Агеева, Уладзімер Тоўсьцік, Тамара Гараева, Павал Сапелка, Тамара Сідарэнка і іншыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG