Каманда Аляксея Навальнага будзе дамагацца яго рэгістрацыі кандыдатам на выбарах прэзыдэнта Расеі ў 2018 годзе палітычнымі мэтадамі. Гэта выключна палітычнае рашэньне, і кіраўніца Цэнтральнай выбарчай камісіі Эла Памфілава павінна будзе яго выконваць. Пра гэта сказаў «Эху Москвы» кіраўнік перадвыбарчага штабу апазыцыянэра Леанід Волкаў.
Напярэдадні Памфілава заявіла, што Навальны зможа ўдзельнічаць у выбарах прэзыдэнта, толькі калі адбудзецца «цуд». Кіраўнік ЦВК сьцьвярджае, што ў цяперашні час апазыцыянэр ня мае права балятавацца ў прэзыдэнты праз абвінаваўчы прысуд у справе «Кировлеса». Навального могуць зарэгістраваць у якасьці кандыдата, калі ён даможацца адмены судзімасьці або зьменаў у заканадаўстве краіны. Абодва гэтыя варыянты Памфілава назвала «цудамі», верагоднасьць якіх, на яе думку, «вельмі малая».
У траўні гэтага году суд пасьля паўторнага разгляду справы «Кировлеса» зноў прысудзіў Навальнаму пяць гадоў умоўнага пазбаўленьня волі, прызнаўшы яго вінаватым у «крадзяжы сродкаў». Эўрапейскі суд у пытаньнях правоў чалавека раней прызнаў гэты прыгавор неправасудным. Апазыцыянэр мае намер зноў абскардзіць рашэньне расейскага суду.
Вылучэньне Навальнага на пост прэзыдэнта Расеі падтрымалі амаль 600 тысяч чалавек.