У ноч на 27 ліпеня ў антыўрадавых пратэстах у Вэнэсуэле загінулі два чалавекі: 30-гадовы мужчына і 16-гадовы падлетак. А вайскоўцаў за падаўленьне антыўрадавых пратэстаў ўзнагароджваюць прыбіральнай паперай і зубной пастай.

Амаль тры гады ў паўднёваамэрыканскай краіне працягваюцца шматтысячныя дэманстрацыі супраць дзеючага прэзыдэнта-сацыяліста Нікаласа Мадуры, а таксама з-за недахопу прадуктаў першай неабходнасьці, ежы і мэдыкамэнтаў. Кіраўнікі краіны адкрыта называюць апазыцыю тэрарыстамі, якія спрабуюць зладзіць «дзяржаўны пераварот». А апазыцыя ўпэўненая — прэзыдэнт узурпаваў уладу.

Толькі паводле афіцыйных дадзеных інфляцыя перавысіла 300%. Паводле ацэнак МВФ, у чэрвені сёлетняга годы яна перавысіла 720%. Цяпер банкнота з найвышэйшым наміналам - 100 балівараў, але на іх можна купіць прыкладна адно курынае яйка, а адна цыгарэта будзе каштаваць 130 балівараў. Для іншых пакупак людзі літаральна носяць грошы мяшкамі. Каляровая ксэракопія 100 балівараў каштуе амаль столькі ж. А доўг краіны перавышае яе ВУП на 50%.

У канцы 2015 году на тле пагаршэньня эканамічнай сытуацыі парлямэнцкія выбары ў Вэнэсуэле выйграла апазыцыя, яна займае амаль дзьве траціны парлямэнту. З тых часоў заканадаўчая і выканаўчая ўлада, якая падтрымлівае прэзыдэнта, знаходзяцца ў пастаянным канфлікце. Дэпутаты адкрыта крытыкуюць Мадуру і яго найбліжэйшае кола. Менавіта апазыцыя заклікае людзей выходзіць на вуліцы.

Апазыцыя сьцьвярджае, што за адстаўку Мадуры сабрана амаль два мільёны подпісаў, але афіцыйныя суды прызналі толькі крыху больш за 600 тысяч зь іх. Апазыцыя таксама ініцыявала ўсенародны рэфэрэндум, у якім прагаласавалі звыш сямі мільёнаў чалавек, 98% зь іх выказаліся супраць палітыкі прэзыдэнта.

Але дакладную колькасьць тых, хто прагаласаваў і сапраўднасьць бюлетэняў спраўдзіць немагчыма: рэфэрэндум праходзіў безь незалежных назіральнікаў, прадстаўнікоў дзеючай улады (яны сьцьвярджаюць, што лічбы сфальшаваныя), а крытыкі паказваюць, што выбарцаў, якія маюць права голасу ў Вэнэсуэле — 20 мільёнаў чалавек.

Паводле дадзеных вэнэсуэльскай праваабарончай арганізацыі Foro Penal, за тры гады ў пратэстах загінуў 91 чалавек. Толькі цягам апошніх трох месяцаў улады затрымалі звыш 3500 чалавек, зь якіх 1107 дагэтуль знаходзяцца пад арыштам. Частка зь іх падвяргалася катаваньням. Каля двух мільёнаў людзей пакінулі краіну. Мясцовыя СМІ пра пратэсты асабліва ня кажуць — усё часьцей мільгаюць кадры, як прэзыдэнт танчыць на ўрачыстых прыёмах.

Прафсаюз журналістаў Вэнэсуэлы заявіў, што падчас акцыяў пратэсту нападам падвергліся 100 журналістаў, а 14 апынуліся за кратамі. Як і многія лідэры вулічнай апазыцыі.

Найбольш затрыманьняў прыпала на травень і сярэдзіну чэрвеня 2017 году. Калі сытуацыя пачала выходзіць з-пад кантролю, дзеючы прэзыдэнт абвясьціў аб скліканьні Нацыянальнага сходу, а паліцэйскія, якія падтрымалі апазыцыю, сагналі верталёт і абстралялі будынак Вярхоўнага суду.

У сувязі з палітычным і эканамічным крызісам у траўні 2017 Мадура выдаў указ аб пашырэньні складу нацыянальнай міліцыі да паўмільёна чалавек, ён таксама паабяцаў мабілізаваць дружыньнікаў з цывільнага насельніцтва для падаўленьня маршаў апазыцыі. Кожнаму дружыньніку Мадура паабяцаў выдаць зброю.

З-за паглыбленьня крызісу ў краіне не хапае ня толькі харчаваньня, але і кантрацыптываў. Іх можна знайсьці на чорным рынку за вялікія грошы. З-за гэтага некаторыя жанчыны наважваюцца на апошнюю меру — стэрылізацыю. У шэрагу дзяржаўных клінік нават увялі «стэрылізацыйны дзень». За адзін такі дзень лекары аперуюць да 40 пацыентак.

У шпіталях бракуе да 80% неабходных лекаў, па якія людзям неабходна ехаць альбо ў іншую краіну, альбо купляць на тым жа чорным рынку. А паказьнікі сьмяротнасьці нованароджаных павялічыліся на 30%, парадзіх — на 65%, а выпадкаў захворваньня на малярыю — на 76%.

Прыбіральную паперу і іншыя тавары першай неабходнасьці тут можна атрымаць толькі па пашпарце, адстояўшы доўгую чаргу. У выпадку, калі тавары ёсьць, іх можна купляць у спэцыяльныя дні ў адпаведнасьці з нумарам пасьведчаньня асобы. У панядзелак яны прадаюцца ўладальнікам дакумэнтаў, чые нумары заканчваюцца на 1 або 2, у аўторак — 3 і 4 і гэтак далей.

У Вэнэсуэле знаходзяцца найбуйнейшыя разьведаныя запасы нафты. Але экспэрты лічаць, што радовішчы эксплёатаваліся няправільна, з-за чаго некалі вельмі багатая краіна Паўднёвай Амэрыкі, якая супрацоўнічала з многімі замежнымі кампаніямі, апынулася на мяжы дэфолту.

Вэнэсуэльская нафта ўтрымлівае ў сабе шмат серы, што робіць яе занадта густой. Каб гэты цяжкі гатунак нафты пацёк у танкеры і яго можна было б экспартаваць, прадукт трэба разводзіць больш лёгкімі гатункамі, якія ў Вэнэсуэлу пастаўляе «Раснафта».

Але пасьля прыходу да ўлады Нікаласа Мадуры з краіны выгналі амаль што ўсе замежныя кампаніі, а вэнэсуэльцы хутка вычарпалі радовішчы лёгкай нафты. Такім чынам цяжкую нафту разводзіць стала няма чым. А ахвотных інвэставаць у краіну, якая скочваецца ў рэцэсію, няшмат.