Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін і Трамп абмеркавалі Сырыю, Украіну, ўмяшаньне Расеі ў выбары ў ЗША


Пуцін і Трамп (Гамбург 7 ліпеня 2017 г.)

Прэзыдэнты Расеі і ЗША Ўладзімір Пуцін і Дональд Трамп абмеркавалі на першай сваёй асабістай сустрэчы сытуацыю ў Сырыі, ва Ўкраіне, пытаньні барацьбы з тэрарызмам і кібэрзлачыннасьцю, сытуацыю вакол ядзернай і ракетнай праграмаў Паўночнай Карэі.

Паводле прысутнага на перамовах кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова, дасягнутая дамоўленасьць аб стварэньні двухбаковай рабочай групы па разьвіцьці ўзаемадзеяньня па шырокім коле пытаньняў, у тым ліку па кібэрбясьпецы. Лаўроў пацьвердзіў паведамленьне аб дасягненьні дамоўленасьці аб замірэньні на паўднёвым усходзе Сырыі з 9 ліпеня.

Дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан, які таксама прысутнічаў на сустрэчы, паведаміў, што ў самым пачатку Трамп выказаў занепакоенасьць амэрыканскага народу ў сувязі з расейскім умяшаньнем у прэзыдэнцкія выбары ў Амэрыцы летась. Пуцін, паводле дзяржсакратара, абвергнуў дачыненьне Масквы да гэткіх дзеяньняў.

Тылерсан таксама расказаў, што ЗША і Расея дамовіліся працягваць дыпляматычны ціск на Паўночную Карэю, каб дамагчыся ад яе адмовы ад ядзернай і ракетнай праграмаў.

Паводле дзяржсакратара, пытаньне аб амэрыканскай супрацьракетнай абароне лідэры не абмяркоўвалі.

Гутарка, якая зацягнулася больш, чым на дзьве гадзіны, праходзіла ў кулюарах саміту «Вялікай дваццаткі» ў Гамбургу.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG