Аляксандар Лукашэнка прызначыў Анатоля Ісачэнку старшынёй Менскага абласнога выканаўчага камітэту. Пра гэтае кадравае рашэньне паведамляе БелТА.
Да гэтага часу Анатоль Ісачэнка працаваў на пасадзе памочніка прэзыдэнта Беларусі — інспэктара Менскай вобласьці, быў туды прызначаны ў сьнежні 2016 году.
«Вобласьць немалая, гэта палова краіны, — сказаў Лукашэнка, прымаючы новага кіраўніка Менаблвыканкаму. — Не магу сказаць, што атрымала посьпех у сваім разьвіцьці, і вы, напэўна, гэта адчулі, працуючы памочнікам. Але кожны губэрнатар нешта імкнуўся ўвесьці для яе разьвіцьця».
5 ліпеня кандыдатура Анатоля Ісачэнкі будзе прапанаваная сэсіі Менскага абласнога Савету дэпутатаў для зацьвярджэньня на пасадзе старшыні аблвыканкаму.
У канцы траўня папярэдні кіраўнік Менаблвыканкаму Сямён Шапіра быў вызвалены ад пасады ў сувязі зь пераходам на іншую працу — ён быў прызначаны старшынёй Беларускай фэдэрацыі хакею.