Паўнамоцтвы былога адміністрацыйнага кіраўніка АБСЭ Ламбэрта Заньеры завершыліся 30 чэрвеня, аднак ягоны наступнік так і ня быў прызначаны. Як паведамляе прэсавая служба арганізацыі, краіны-ўдзельніцы не прыйшлі да кансэнсусу па новай кандыдатуры: галоўнай прычынай сталі рознагалосьсі ў пазыцыях прадстаўнікоў Расеі і ЗША.
Працэс прызначэньня Генэральнага сакратара залежыць ад 57 дзяржаў- удзельніц, якія павінны прыйсьці да агульнага рашэньня.
Паводле некаторых аналітыкаў, найбольш верагодна, што новым «адміністратарам» АБСЭ можа стаць колішні пастаянны прадстаўнік Швайцарыі пры гэтай арганізацыі Томас Грэмінгер. На вакантную пасаду таксама вылучаліся пастаянная прадстаўніца Беларусі пры АБСЭ Алена Купчына, былы міністар замежных спраў Казахстану Ерлан Ідрысаў, экс-кіраўнік МЗС Фінляндыі Ілка Канэрва, колішні эўракамісар ў справе пашырэньня Эўразьвязу Штэфан Фюле.
Акрамя таго, у АБСЭ на цяперашні момант вольныя пазыцыі старшыні Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека, Вярхоўнага камісара па справах нацыянальных меншасьцяў і прадстаўніка ў пытаньнях свабоды СМІ.
Ёсьць верагоднасьць, што кансэнсусу ўдасца дасягнуць падчас нефармальнай сустрэчы міністраў замежных спраў краін-чальцоў АБСЭ 11 ліпеня ў Вене.