Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму мы можам павучыцца ў расейцаў


Мне тут пытаньне задалі, маўляў, пішу, што і ў расейцаў можна чамусьці павучыцца. Дык чаму? Ня скажаш жа, што зь ветлівасьці напісаў. Вось хаджу тыдзень, думаю.

«Расейцы» — паняцьце, канечне,занадта шырокае і абстрактнае, дый адзін народ у іншых ня вучыцца напрасткі. Гаворка ня столькі пра гістарычныя факты, колькі пра стэрэатыпы, а ў кантэксьце пытаньня— пра пазытыўныя стэрэатыпы, якія замацаваліся ізбольшага падзяляюць і самі прадстаўнікі таго ці іншага народу.

У латышоў і літоўцаў можна павучыцца варыць піва, напрыклад, і трымацца за сваё. У палякаў — на зямлі гаспадарыць і адзінству. Ва ўкраінцаў унутранай свабодзе. Гэта калі суседзяў браць. У расейцаў стэрэатыпнае — шырата душы хіба што. Але ці патрэбная яна беларусу? І ці ёсьць яна ўвогуле? Калі ж параўноўваць такія падобныя нашу Плошчу і іх Балотную, дык выглядае, што мы ўжо навучыліся, толькі невядома хто ў каго. А чым яны падобныя? Дэспатызмам уладаў і рабскай псыхалёгіяй народу. Ні ў каго зь іншых нашых суседзяў нічога падобнага няма. І калі падабенства плошчаў прыйшло да іх ад нас, дык дэспатызм, як зьява, мае для нас чыста расейскае паходжаньне.

Дэспатызм тым і адрозьніваецца ад любога тыпу ўлады, што ён не гуляе ў палітыку, не разглядае сябе суб’ектам палітычнай гульні. Нават дэмакрат Ельцын для ўтрыманьня сваёй дэмакратыі з танкаў расстраляў парлямэнт. І гэта было самай прыкметнай зьявай расейскай дэмакратыі на выхадзе зь перастройкі. А сам народ ні да таго, ні пасьля нічога не дамогся і дамагчыся ня мог. Бо таксама не разглядаў сябе суб’ектам гульні. Не вайны, рэвалюцыі і забойства, а гульні: сёньня ты перамог, заўтра я. Колішнія крывавыя рысталішчы перанесеныя на футбольнае поле — так робіцца цывілізаваная палітыка. Сёньня лібэралы, заўтра кансэрватары. Сёньня дэмакраты, заўтра рэспубліканцы. Усе разумеюць: добра, калі гісторыя робіцца як футбол, а не як вайна ці як рэвалюцыя ці як НКВД — каб хрыбты ламаць.

Пачаткі гэтай палітыкі-гульні бяруцца з эпохі Адраджэньня, дзе раптам заўважылі чалавека. І зьявілася вялікае слова гуманізм. У Масковіі эпохі Адраджэньня не было. Наадварот, адгарадзілі сваю дэспатыю ад усяго сьвету. А ў Беларусі — архітэктура, музыка-балет, Скарына, Статут ВКЛ і неверагоднае для іншых краінаў публічнае абмеркаваньне ўсяго і ўся, росквіт палемічнага жанру. Адтуль мы не такія, не дэспатычныя. Колькі нас яны пад сябе ні ламалі.

Параўноўваючы Плошчу і Балотную, я чыста інтуітыўна заўважаю рыскі гэтай недэспатычнасьці ў нас і не заўважаю іх у іх. Усё астатняе — нібы зьлізанае. І гэта найперш дэспатычная ўлада. Яна стварае гэтае падабенства. А яшчэ, як вынік, мы рызыкуем страціць сваю спрадвечную гуманістычную закваску.

Ня надта пазытыўна гучыць. Таму прашу дапамогі ў аўдыторыі: Чаму ж мы можам павучыцца ў расейцаў?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG