Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што фіны лічаць «мясьніком» расейскага афіцэра, які стварыў Фінляндыю і абараніў яе ад СССР


Маршал Манэргэйм у 1940 годзе

Бацька незалежнай Фінляндыі Карл Густаў Эміль Манэргэйм, як гэта ня дзіўна, не ўспрымаецца фінамі адназначна. Да рэвалюцыі 1917 году Манэргэйм служыў у царскай арміі, удзельнічаў у бітвах руска-японскай і Першай сусьветнай вайны.

Пасьля краху Расейскай імпэрыі і здабыцьця яго роднай Фінляндыяй незалежнасьці ён стаў ваенным лідэрам белага руху ў гэтай краіне, які бязьлітасна расправіўся з чырвонымі фінамі. Камандаваў фінскай арміяй падчас «зімовай вайны» 1939-40 гадоў з Савецкім Саюзам, калі за перамогу над маленькай Фінляндыяй Чырвонай арміі давялося заплаціць сотнямі тысяч забітых і параненых.

У гадах Другой сусьветнай вайны Фінляндыя, чыім ваенным лідэрам зноў стаў маршал Манэргэйм, стала саюзніцай Гітлера. Аднак Манэргэйм, насуперак настойваньню Бэрліна, не павёў войскі на Ленінград далей старых фінскіх межаў. У 1944 годзе, у крытычны для Фінляндыі момант, ён стаў прэзыдэнтам краіны і заставаўся на гэтай пасадзе паўтара года, пазьней добраахвотна сыйшоў у адстаўку.

Пра фінскага ваенаначальніка Свабодзе распавяла аўтарка кнігі пра Манэргэйма Элеанора Іофэ.

Элеанора Іофэ
Элеанора Іофэ

— У Фінляндыі ёсьць людзі, якія проста ня могуць чуць ягонага імя. Шмат гадоў запар яго помнік, усталяваны ў Тампэрэ, аблівалі фарбай і пісалі на ім: lahtari, што значыць «мясьнік», у апошні раз гэта было ў 2013 годзе. Так фіны называлі белых — бо ў Фінляндыі была крывавая грамадзянская вайна ў 1917-18 годзе. Яна, праўда, працягвалася ўсяго тры месяцы, але забрала вельмі шмат жыцьцяў, асабліва чырвоныя фіны пацярпелі. Іх было шмат у Тампэрэ, і там былі асабліва крывавая бойня, таму нельга сказаць, што помнік Манэргэйму выклікае там ва ўсіх патрыятычныя і наогул добрыя пачуцьці.

— Няўжо ў Фінляндыі таксама ўсё яшчэ ня скончылася грамадзянская вайна?

— Нельга сказаць, што фінскае грамадзтва дагэтуль падзелена на белых і чырвоных, правых і левых, але я лічу, што ў Фінляндыі вельмі моцная нацыянальная памяць, памяць пакаленьняў. І вось гэтая памяць пра тое, як пацярпелі дзяды, прадзеды ў грамадзянскай вайне, да гэтага часу жывыя ў семʼях. Таму многія і цяпер не пераносяць імя Манэргэйма або, прынамсі, ставяцца да яго без піетэту. Але ў той жа час большасьць яго, вядома, шануе — бо ён абараніў незалежнасьць Фінляндыі.

Камуністычны прапагандысцкі плякат часоў савецка-фінскай вайны з выявай "мясьніка" Манэргэйма
Камуністычны прапагандысцкі плякат часоў савецка-фінскай вайны з выявай "мясьніка" Манэргэйма

— У сваёй кнізе вы, вядома, згадваеце асноўныя старонкі яго біяграфіі, напрыклад, тое, што ён доўгі час быў на расейскай службе?

— Так, хоць гэта, увогуле, атрымалася выпадкова: будучы падлеткам, Манэргэйм паступіў у фінскі кадэцкі корпус, правучыўся там пару гадоў, і яго выгналі — выключылі за дрэнныя паводзіны. Тады ён абвясьціў, што паедзе вучыцца ў Расею. Гэта было вельмі складана, але ён мэтанакіравана займаўся, вучыў рускую мову і паступіў — праўда, як і цяпер часта бывае, па пратэкцыі сваякоў. У іх былі вялікія сувязі ў арыстакратычных колах Пецярбурга.

— Вы столькі прачыталі пра Манэргэйма, вывучылі мноства архіўных матэрыялаў — як вы лічыце, фіны справядліва вінавацяць яго ў зьверствах у адносінах да чырвоных?

— Ён не датычны да масавай гібелі чырвоных палонных пасьля заканчэньня грамадзянскай вайны: яго да гэтага часу ўжо адхілілі ад спраў. А на вайне — ён павінен быў рабіць усё, каб перамагчы. Яшчэ невядома, як бы дзейнічалі на ягоным месцы чырвоныя, калі б перамаглі. То бок — цалкам вядома, на самай справе.

— Фіны ня аддалі Гітлеру сваіх габрэяў — у гэтым ёсьць заслуга Манэргэйма?

Малады Манэргэйм (справа) падчас падарожжа па Цэнтральнай Азіі, 1906 год
Малады Манэргэйм (справа) падчас падарожжа па Цэнтральнай Азіі, 1906 год

​— Так, і яго заслуга, і былога прэмʼер-міністра Танэра. Хоць ва ўрадзе ў той час былі пранацысцкія міністры, але ў выніку аддалі ўсяго 8 габрэяў, якія не былі фінскімі грамадзянамі. Фінскіх грамадзянаў-габрэяў нацыстам не аддалі. Габрэі ў незалежнай Фінляндыі былі паўнапраўнымі грамадзянамі, мужчыны прызыўнога ўзросту служылі ў арміі, як і ўсе. Гэта значыць фінскія габрэі ваявалі ў 1941-1944 гадах на баку Нямеччыны — сытуацыя ўвогуле парадаксальная. Манэргэйм павёў сябе як чалавек гонару, заявіўшы, што ён не зьбіраецца выдаваць нацыстам сваіх салдат і іх семʼі, што забраць іх могуць толькі празь яго труп, што гэта выкліча незадаволенасьць у краіне.

— Што за чалавек быў Манэргэйм, якую яго рысу вы лічыце самай важнай? Было ў ім і нешта, што адштурхоўвае?

— Ён быў пэдантам, некалькі замкнёным чалавекам — гэта не зьяўляецца прывабнай рысай характару, прынамсі для мяне. А больш за ўсё мне ў ім імпануе пачуцьцё гонару. Напрыклад, ён да сьмерці сваёй былой сяброўкі Лізаветы Шувалавай пасылаў ёй грошы — даволі вялікія. І сваёй былой жонцы таксама дапамагаў матэрыяльна. Калі Фінляндыя выходзілі з вайны, яго вельмі мучыла тое, што ён парушае — не дагавор, таму што дагавора зь Нямеччынай ніколі не было, а нейкую дамоўленасьць. Альбо ён казаў, што ніколі не пацісьне руку бальшавіку, але ў 1944 годзе яму давялося паціснуць руку Жданаву (у 1944-47 гадах той узначальваў Саюзную кантрольную камісію ў Фінляндыі. — РС). Я думаю, гэта яго таксама мучыла. Гэта значыць ён быў чалавекам прынцыпаў, чалавекам абавязку і гонару. Ён наогул вельмі клапаціўся пра сваю рэпутацыю. Пасьля грамадзянскай вайны ў 1920 годзе ён заснаваў фонд Манэргэйма, фонд абароны дзяцей, там былі сабраныя мільёны, зь якіх ён мог выдаткоўваць толькі працэнты, і да гэтага часу фонд на гэтыя грошы існуе.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG