Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве памянулі настаўніка, які закладаў у горадзе беларускамоўнае школьніцтва


Айцец Васіль – сьвятар грэка-каталіцкай грамады ў Магілёве
Айцец Васіль – сьвятар грэка-каталіцкай грамады ў Магілёве

У Магілёве на магіле настаўніка, які на пачатку 1920-х гадоў вучыў дзяцей па-беларуску, грэка-каталіцкі сьвятар правёў памінальную службу. Паніхіда адбылася на Карабанаўскіх могілках, дзе пахаваны настаўнік.

Пра памерлага ў 1926 годзе настаўніка вядома толькі тое, што напісана на надмагільлі. Яго прозьвішча Цімашэнка і настаўнічаў ён у мясцовай сямігадовай магілёўскай школе № 2. Таксама на пліце пададзены скарот літарамі імя і імя па бацьку настаўніка. Нарадзіўся ў 1902, памёр у 1926-м. Надпіс на надмагільлі зроблены на беларускай мове.

Магіла настаўніка Цімашэнкі
Магіла настаўніка Цімашэнкі

«Настаўнік, які тут пахаваны пэўна ж так любіў сваю бацькаўшчыну, што тыя хто яго хавалі надпіс на надмагільлі зрабілі па-беларуску, — адзначыў айцец Васіль па сканчэньні паніхіды.

«Настаўнік Цімашэнка безумоўна цешыўся з таго, што сёньня зноў пачуў на сваёй магіле родныя яму беларускія словы, якія гучаць у ягонай краіне безь яго і разам з ім. — казаў сьвятар. — Да ягонага словы мы сёньня сьціпла далучыліся, каб успомніць пра тое, што ёсьць дужа каштоўным у нашай краіне і без чаго яна ня будзе адметнай ад іншых. Няхай ён спачывае і няхай Госпад даруе яму ягоныя правіны, магчыма памылкі і няхай Госпад прыме яго ў сваё валадарства».

Падчас паніхіды
Падчас паніхіды

Мова надпісу дазваляе меркаваць, што ў сваім настаўніцтве Цімашэнка карыстаўся нацыянальнай мовай беларусаў. Тыя, хто хаваў яго, таксама былі адданыя ідэі беларусізацыі, бо надпіс зрабілі на беларускай мове.

У 1924 годзе ўрад Савецкай Расеі вярнуў Магілёў Беларусі. Тады адбывалася гэтак званае паэтапнае ўзбуйненьне краю: Беларусі вярталіся забраныя раней землі. Ад 1924 году ў Магілёве пачынаецца беларускамоўнае школьніцтва. Адным з тых, хто стаяў ля яго вытокаў, і быў Цімашэнка.

Пра магілу Цімашэнкі стала вядома выпадкова, калі шукалі брацкія пахаваньні магілёўцаў, што загінулі ў траўні 1943 году — тады горад бамбавала савецкая авіяцыя.

Кветкі і стужка на магіле настаўніка
Кветкі і стужка на магіле настаўніка

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG