Няма доказаў, што расейскія хакеры датычныя да кібэратакі на перадвыбарчы штаб прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона падчас яго нядаўняй выбарчай кампаніі. Пра гэта ў інтэрвію Associated Press заявіў кіраўнік Нацыянальнага агенцтва бясьпекі інфармацыйных сыстэм Францыі Гіём Пупар.
Паводле Пупара, атака была «настолькі простай», што зьдзейсьніць яе мог «хто заўгодна і адкуль заўгодна». Пупар пацьвердзіў, што яго ведамства таксама ня выявіла сьлядоў іншай хакерскай групоўкі, якая падазраецца ва ўзломах падчас прэзыдэнцкай кампаніі ў ЗША.
У ноч на 6 траўня, напярэдадні другога туру прэзыдэнцкіх выбараў у Францыі, WikiLeaks апублікавала масіў дакумэнтаў перадвыбарчага штабу Макрона. У штабе заявілі, што сталі ахвярамі «скаардынаванай хакерскай апэрацыі».