Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін зьняў з Турэччыны частку эканамічных санкцый і зноў дазволіў адпраўляць туды турыстаў


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін падпісаў указ аб адмене некаторых эканамічных мер адносна Турэччыны. Тэкст указу апублікаваны на сайце Крамля.

Указ зноў дазваляе наймаць турэцкіх грамадзян на працу ў Расеі і дазваляе працу ў Расеі турэцкіх фірмаў. У першую чаргу гэта датычыцца будаўнічага і турыстычнага сэктараў, а таксама экспарту і імпарту прадукцыі.

Турапэратарам і турагентам зноў дазволена прадаваць пуцёўкі ў Турэччыну і накіроўваць у гэтую краіну чартэрныя рэйсы. МЗС РФ даручана накіраваць Турэцкай Рэспубліцы апавяшчэньне аб частковым аднаўленьні дзеяньня пагадненьня паміж урадамі дзьвюх краін аб умовах узаемных паездак грамадзян РФ і Турэччыны (яно ўводзіць бязьвізавы ўезд і знаходжаньне на тэрмін ня больш за 90 дзён на працягу кожнага паўгодзьдзя).

Таксама ўказ здымае уведзеныя урадам санкцыі на ўвоз у Расею «асобных відаў тавараў, краінай паходжаньня якіх зьяўляецца Турэцкая Рэспубліка». Але як патлумачыў прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў, турэцкіх памідораў ён не закране: іх у Расею пастаўляць па-ранейшаму забаронена.

Расея ўвяла эканамічныя санкцыі адносна Турэччыны, пасьля таго як турэцкія ВПС зьбілі расейскі бамбавік Су-24, які выконваў баявое заданьне ў Сырыі. Пагадненьне пра адмену санкцый было дасягнутае падчас візыту ў Сочы прэзыдэнта Турэччыны Рэджэпа Эрдагана ў пачатку траўня 2017 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG