Кіраўнік адмысловай маніторынгавай місіі АБСЭ ў канфліктнай зоне на ўсходзе Ўкраіны Эртурул Апакан запатрабаваў ад уладаў так званай «Данецкай народнай рэспублікі» прыняць меры пасьля інцыдэнту з сэксуальнымі дамаганьнямі да супрацоўніцы патруля. Заява апублікаваная на сайце місіі АБСЭ.
«Інцыдэнт, падчас якога ўзброены аўтаматам мужчына пагражаў няўзброенаму цывільнаму ўдзельніку патруля адмысловай маніторынгавай місіі жаночага полу, выказваючы заўвагі сэксуальнага характару, патрабуе прыняцьця апэратыўных і бескампрамісных мераў рэагаваньня з боку так званай „Данецкай Народнай Рэспублікі“», — гаворыцца ў заяве.
Паводле зьвестак маніторынгавай групы, інцыдэнт адбыўся 5 траўня ў Данецкай вобласьці на тэрыторыі, непадкантрольнай Украіне.
Кіраўнік місіі падкрэсьліў, што супрацоўнікі АБСЭ, у тым ліку жанчыны, знаходзяцца ў зоне канфлікту бяз зброі, і «маюць поўнае права выконваць няпростае заданьне бяз страху фізычнага гвалту і слоўных абразаў».
Місія няўзброеных назіральнікаў АБСЭ працуе ў зоне канфлікту ад сакавіка 2014 году.