Маскоўская міліцыя затрымала 28 красавіка дваіх супрацоўнікаў Міжнароднага банку фінансаў і інвэстыцыяў родам зь Беларусі. Іх падазраюць у выкраданьні маёмасьці ў асабліва буйным памеры праз службовае становішча, яны пад падпіскай пра нявыезд, перадае агенцтва «Масква».
У красавіку 2016 году, паводле зьвестак сьледзтва, Алена Мельнікава 1975 году нараджэньня з дапамогай Дзяніса Цімафеюка 1990 году нараджэньня прыўлашчыла 251,7 млн расейскіх рублёў (каля 4,37 млн даляраў) з банкаўскага сховішча. Цімафеюк, сьцьвярджае сьледзтва, афармляў расходныя дакумэнты, паводле якіх грошы нібы выдаваліся кліентам банку ў крэдыт.
У канцы красавіка 2016 году банк быў адключаны ад сыстэмы электронных тэрміновых плацяжоў, але ці зьвязана гэта са злачынствам, невядома.
Справу вядзе ўпраўленьне Сьледчага камітэту Расеі ў расьсьледаваньні асабліва важных спраў аб злачынствах супраць дзяржаўнай улады ў галіне эканомікі. Абвінавачаным можа пагражаць зьняволеньне на тэрмін да 10 гадоў з дадатковым штрафам да 1 млн расейскіх рублёў (17,3 тысячы даляраў).