Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менская «Крыніца» разьлівае піва для прарасейскіх сэпаратыстаў у Данецку


Кампанія «Мастер-Торг» з Данецку (як указана на сайце, яна заснаваная на «айчынныя інвэстыцыі» і зьяўляецца «найбуйнейшым імпартэрам тавараў у ДНР і ЛНР») пачала разьліў піва пад маркай «Юзбир» на менскім бровары «Крыніца».

Піўны напой для самаабвешчаных тэрыторый, падкантрольных прарасейскім сэпаратыстам, анансаваў дырэктар дэпартамэнту маркетынгу Яўген Пракапенка-Дземешаў. Ён паведаміў, што «Юзбир» выпускаецца згодна зь дзяржаўным стандартам на вытворчых магутнасьцях у Рэспубліцы Беларусь, якасьць прадукцыі на ўсіх этапах кантралюецца дзяржавай:

«Гэта першая піўная ўласная гандлёвая марка ў ДНР. Распрацоўваць брэнд мы пачалі параўнальна нядаўна і за кароткі тэрмін змаглі вывесьці яго на рынак. Над нэймінгам, канцэпцыяй і дызайнам працавалі супрацоўнікі кампаніі, без прыцягненьня іншых спэцыялістаў. Акцэнт быў зроблены на традыцыях і рэцэптуры піва, якое вырабляў Рутчанкаўскі піўзавод. „Юзбир“ ужо зьявіўся на паліцах крамаў», — паведаміў данецкі мэнэджар.

У данецкім офісе «Мастер-Торга» гэты факт Радыё Свабода пацьвердзілі, але ня сталі ўдакладняць, чаму ў якасьці месца разьліву выбраны менавіта Менск, а не хтосьці зь ліку шматлікіх вытворцаў у Расеі. Адміністрацыя менскага бровару «Крыніца» не паведамляе падрабязнасьцяў зьдзелкі з бізнэсоўцамі з так званай «ДНР».

На сайце «Мастер-Торг» пазначаны год заснаваньня — лістапад 2014-га, калі самапрызначаныя ўлады абвясьцілі незалежнасьць так званых ДНР і ЛНР ад Украіны. Ужо ў студзені 2015 году кампанія пачала імпартаваць прадукты харчаваньня з Расеі і Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG