Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіяўляне не падтрымалі перайменаваньня аднаго са сталічных сквэраў на імя Паўла Шарамета


Акцыя памяці Паўла Шарамета на Майдане Незалежнасьці ў Кіеве ўлетку 2016 году

Жыхары Кіева не падтрымалі ініцыятыву пра перайменаваньне сквэру імя Чкалава ў памяць пра беларускага журналіста Паўла Шарамета, які летась загінуў у цэнтры Кіева ад выбуху.

Адпаведную пэтыцыю, якую Кіеўская гарадзкая адміністрацыя вынесла на грамадзкае абмеркаваньне з 1 сакавіка па 1 траўня, падтрымалі толькі 712 чалавек, яшчэ 494 выказаліся супраць такой ініцыятывы.

Згодна з палажэньнем пра парадак падачы і разгляду электронных пэтыцый, дакумэнт разглядаецца, калі на працягу трох месяцаў зь дня апублікаваньня сабрана прынамсі 10 тысяч подпісаў грамадзян. У выпадку, калі ініцыятыва не набрала неабходнай падтрымкі, «пэтыцыя разглядаецца ў парадку, устаноўленым заканадаўствам пра звароты грамадзян».

Сквэр імя Чкалава знаходзіцца ў цэнтры ўкраінскай сталіцы, непадалёк ад месца гібелі Паўла Шарамета.

Паўла Шарамета забілі 20 ліпеня 2016 году ў цэнтры Кіева, падарваўшы аўтамабіль, якім ён кіраваў. Украінскія праваахоўнікі кваліфікуюць гібель журналіста як наўмыснае забойства. Сёлета ў лютым міністар унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў заявіў, што ўсе дэталі злачынства ўказваюць на палітычны заказ. Але сьледзтва пакуль не ўстанавіла ані выканаўцаў, ані замоўнікаў.

«Вынікі дасудовага расьсьледаваньня наўмыснага забойства Паўла Шарамета дазваляюць меркаваць, што гэтае злачынства грунтоўна рыхтавалася групай асоб — замоўнае забойства. Сьледзтва таксама не выключае вэрсію замоўнага палітычнага забойства, заказ на якое паступіў менавіта з Расейскай Фэдэрацыі. Сьледзтва працягваецца», — сказаў Арсен Авакаў, прадстаўляючы 8 лютага першыя вынікі расьсьледаваньня.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG