Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Movabox зьмяніў вобраз беларускай літаратуры


28 красавіка праект Movabox падвёў вынікі дасьледаваньня вобразу беларускай літаратуры ў сьвядомасьці чытачоў. Паўгода таму кампанія velcom правяла маштабнае апытаньне, якое выявіла шмат стэрэатыпаў наконт беларускай літаратуры: ваенная тэма, гісторыя, партызаны і г.д. Мэтай праекту было разбурыць гэтыя стэрэатыпы праз папулярызацыю сучаснай літаратуры. А ці ўдалося дасягнуць гэтай мэты, красамоўна сьведчаць лічбы.

За апошнія 6 месяцаў у праекце ўзялі ўдзел 4 разнаплянавыя аўтары, паводле чыіх кніг былі створаныя «мовабоксы» з артэфактамі і тэсты з забаўнымі вынікамі. Было арганізаванае дзіцячае сьвята і ўсебаковае абмеркаваньне праблем дзіцячай літаратуры. У 10 кавярнях Менску і яшчэ ў шасьці гарадах Беларусі былі ўсталяваныя палічкі з кнігамі сучаснай беларускай літаратуры для вольнага кнігаабмену і спакойнага чытаньня за кубачкам кавы. Нарэшце, сайт праекту за паўгода наведала каля 50 тысяч чалавек, 40% зь якіх прайшлі тэсты па кнігах і падзяліліся сваімі вынікамі ў сацыяльных сетках, пашырыўшы ахоп аўдыторыі праекту. У сярэднім на сайце праекту карыстальнікі праводзілі 9 хвілін, што сувымерна прачытаньню эсэ ці невялікага апавяданьня.

Літаратары, якія ўзялі ўдзел у праекце, падзяліліся сваімі ўражаньнямі ад яго:

Людміла Рублеўская: «Мне пашанцавала, што я была самай першай. Пайшла пагалоска. „Вырвіч, „Мовабокс“ — гэта, напэўна, крута“, — кажуць нават тыя, хто не чытаў. А тыя, хто прайшоў тэст, казалі, што заінтрыгаваў, захацелася пачытаць кнігу. А манэтку з „мовабокса“, якую мае героі ня кінулі ў фантан у Гданьску і трапілі ў страшэнны шторм, я прыберагла для сёньняшняга вечара, таму што мы ўсе хочам, каб Movabox да нас вярнуўся», — сказала Людміла Рублеўская і ўрачыста кінула сваю манэтку ў скрынку для буккросінгу.

Альгерд Бахарэвіч: «Самы моцны эфэкт ад праекту для мяне быў у чым? Я перайшоў з МТС на velcom. Ад самага пачатку я лічыў, што мне папулярызацыя не патрэбная. Я аўтар не для ўсіх. Але калі казаць наогул пра беларускую літаратуру, то гэта справа важная. Нас проста ўспрымаюць нейкімі фрыкамі, якія займаюцца невядома чым, на нейкай там мове пішуць нейкія кніжкі».

Віктар Жыбуль: «Канечне, нешта ў вобразе беларускай літаратуры пасьля праекту зьмянілася. Удзел у праекце пакінуў незабыўнае ўражаньне, асабліва той факт, што мая кніга распаўсюджвалася ў скрынках разам зь іншымі артэфактамі. Калі адзін крэатыў дапамагае нараджацца іншаму крэатыву, гэта цудоўна:

Прабіркай, шышкай, радзівам і пернічным квітком
Зьдзівіла нас і ўразіла кампанія velcom!»

Андрусь Горват (вяшчаў з Радзіва Прудок): «Калі я працаваў дворнікам у Купалаўскім тэатры, я ня мог сабе ўявіць, што вырасту вялікім дзядзькам і змагу выйсьці на сцэну басанож у скафандры і пачытаць свае тэксты. Па вяртаньні з прэзэнтацыі ў Прудок я адчыніў свой „мовабокс“ і быў уражаны, што там была кніга. Я яшчэ ніколі не атрымліваў у падарунак кнігі, якую напісаў сам. Гэта нечакана і тым ня менш прыемна. Запрашайце мяне яшчэ ў розныя праекты, а я запрашаю вас у Прудок — жыць, проста жыць».

Кіраўнік брэнд-мэнэджмэнту кампаніі velcom Зьміцер Курловіч падсумаваў вынікі паўторнага апытаньня, паводле якіх у сьпіс самых знакамітых пісьменьнікаў трапілі ўсе ўдзельнікі праекту, а таксама Ўладзімер Арлоў, Віктар Марціновіч, Адам Глёбус, Андрэй Хадановіч, Наста Кудасава, Валянцін Акудовіч ды іншыя.

За паўгода існаваньня праекту ва ўяўленьні чытачоў спэктар тэмаў беларускай літаратуры пашырыўся: заўважнымі сталі тэмы каханьня (+75%), сучаснага жыцьця (+100%) і Радзімы (+44%), у той час як тэма вайны (—10%) і гісторыі (—27%) страцілі свае пазыцыі ў абагульненым вобразе сучаснай беларускай літаратуры.

75% рэспандэнтаў, якія ўзялі ўдзел у першасным і паўторным апытаньні, пазначылі, што падштурхнуць да прачытаньня беларускай кнігі іх могуць рэкамэндацыі сяброў і знаёмых. У сувязі з гэтым у фэйсбуку пачаў працаваць Movabot, які на аснове вашых чытацкіх сымпатыяў рэкамэндуе да прачытаньня кнігі, разьмешчаныя ў інтэрнэт-кнігарні Kniharnia.by.

Піяр-мэнэджэр кнігарні Ганна Каржова паведаміла:

«Наведваньне сайта нашай кнігарні за месяц з пачатку працы „мовабота“ павялічылася ў 2,5 раза. Прааналізаваўшы статыстыку, мы склалі топ-5 кніг, якія набываюць чытачы паводле рэкамэндацый „мовабота“:

1. „Дзеці Аліндаркі“ Альгерда Бахарэвіча
2. „Дагератып“ Людмілы Рублеўскай
3. „1813“ Уладзімера Садоўскага
4. „Завяршыць гештальт“ Макса Шчура
5. „Захоп Беларусі марсіянамі“ Алеся Аркуша

Па выніках 6 месяцаў з сайту Movabox у кнігарню зайшло больш за 6,5 тысячы чытачоў, частка зь якіх стала пакупнікамі электронных кніг па-беларуску».

Як сказаў вядоўца праекту актор Павал Харланчук, «калі Movabox за паўгода здолеў беларуса апрануць у пінжак і ўсунуць яму ў руку філіжанку кавы, то мэта праекту дасягнутая».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG