Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Касінерава аштрафавалі за пятлю на шыі «царскага гарадавога». Жывы блог


Вячаслаў Касінераў

Коратка

У судзе Маскоўскага раёну Менску прайшоў суд над актывістам Вячаславам Касінеравым. Яго вінавацілі ў хуліганскіх дзеяньнях: увечары 12 сакавіка ён накінуў пятлю на шыю скульптуры царскага гарадавога ў цэнтры Менску.

Праваабаронцы заяўляюць, што перасьлед мае палітычныя матывы, учынак быў не хуліганствам, а палітычным пэрформансам.

За хуліганства, паводле беларускага Крымінальнага кодэксу, пагражае штраф, выпраўленчыя работы на тэрмін да двух гадоў, арышт на тэрмін да 6 месяцаў або пазбаўленьне волі на тэрмін да 3 гадоў.

Касінераў быў затрыманы ў час акцыі 12 сакавіка, у турме атрымаў мянушку «Слава Рэвалюцыі», быў вызвалены з-за кратаў пад падпіску пра нявыезд 21 красавіка.

Суд прызнаў Вячаслава Касінерава вінаватым у хуліганстве і аштрафаваў на 105 рублёў.

16:48 27.4.2017

Пракурор запатрабаваў для Касінерава 2 гады «хатняй хіміі»

На працэсе над Вячаславам Касінеравым пачаліся судовыя спрэчкі. Прадстаўнік абвінавачаньня Яўген Серакоў лічыць, што віна Касінерава ў хуліганстве падчас працэсу была цалкам даказаная сьведкамі, відэазапісамі ды рэчавымі доказамі.

Хуліганства, якое, паводле пракурора, учыніў Вячаслаў Касінераў, накіраванае на зьнявагу грамадзтва і яго каштоўнасьцяў і груба парушае грамадзкі парадак. Таксама ўчынку Касінерава, паводле пракурора, уласьцівы «выключны цынізм».

Тое, што Касінераў зрабіў свой учынак у цёмны час сутак, паводле пракурора, сьведчыць, што ён разумеў супрацьпраўны характар сваіх дзеяньняў. Да таго ж ён да іх рыхтаваўся.

Довады Касінерава, што гарадавыя, як і супрацоўнікі НКВД ды гестапаўцы, былі катамі беларускага народу, — гэта, паводле пракурора, ягоная адгаворка, каб пазьбегнуць адказнасьці.

Пракурор мяркуе, што ўчынак Касінерава ня быў ухвалены грамадзтвам, пра што сьведчыць большасьць камэнтароў. Таксама, на думку пракурора, суд павінен улічыць той факт, што Касінераў нідзе не працуе.

У выніку пракурор папрасіў прызнаць Касінерава вінаватым паводле 1 часткі 339 артыкула Крымінальнага кодэксу і пакараць 2 гадамі абмежаваньня волі без накіраваньня ў месцы зьняволеньня — гэтак званай «хатняй хіміі».

15:50 27.4.2017

У адсутнасьць сьведак і ў чаканьні прысуду

Суд вырашыў праводзіць працэс у адсутнасьць 5 сьведак, заяўленых абвінавачаньнем. У тым ліку прагучала прозьвішча сьведкі Падабеда — магчыма, гэта былы начальнік гарадзкога АМАПу.

Наступная стадыя — судовыя спрэчкі. Суд даў толькі 10 хвілінаў на падрыхтоўку да спрэчак. З гэтага можна зрабіць выснову, што ўжо сёньня будзе прысуд.

15:50 27.4.2017

Не скульптура, а «малая архітэктурная форма»

Касінераву суд даў магчымасьць сябе ахарактарызаваць. «Ні ў якім разе не зьяўляюся хуліганам, як падаюць некаторыя «сьведкі». Пра матэрыяльны дастатак сказаў, што «на жыцьцё хапае», падрабляе дзе-нідзе курʼерам ці грузчыкам. Пра стан здароўя сказаў, што ня быў на ўліку ў псыхдыспансэры і не лячыўся ад ужываньня сьпіртных напояў. Дачку бачыць 3-4 разы на тыдзень. На біржы не стаіць, шукае працу, праходзіць сумоўі. Абаронца зачытаў камэнтар у газэце «Наша ніва» на словы начальніка менскай гарадзкой міліцыі Барсукова, які асуджаў учынак Касінерава. Там указваецца, што скульптура «менскага гарадавога» ня ёсьць помнікам, а «малой архітэктурнай формай». «Немагчыма нейкімі дзеяньнямі датычна скульптуры кагосьці зьняважыць», — мяркуе адвакат.

15:44 27.4.2017

Мужчына ў капюшоне на апэратыўным відэа

Удзельнікі працэсу праглядзелі тры кавалкі відэа, зьнятага 12 сакавіка каля будынку МУС. На іх бачна, як мужчына ў капюшоне рабіў пэўныя дзеяньні адносна «менскага гарадавога». Касінераў пацьвердзіў, што гэта ён накінуў вяроўку на скульптуру.

Адвакат заўважыў, што відэа не пацьвердзіла словы сьведак, што Касінераў зьбег зь месца інцыдэнту. Раней Касінераў сьцьвярджаў, што ён проста сышоў ад помніка. На відэа сапраўды бачная постаць яшчэ аднаго чалавека побач з Касінеравым. Той чалавек зьявіўся і сышоў адначасова з Касінеравым, але да скульптуры разам зь ім не набліжаўся. Падобна на тое, што гэта была дзяўчына, а не мужчына.

Загрузіць яшчэ

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG