Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь атрымала трэці транш крэдыту ЭФСР памерам 300 млн даляраў


Беларусь атрымала трэці транш крэдыту Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця (ЭФСР). 300 млн даляраў паступілі ў рэспубліканскі бюджэт 26 красавіка, паведамляе прэс-служба Міністэрства фінансаў.

«Рэспубліка Беларусь выканала ўмовы для атрыманьня трэцяга траншу фінансавага крэдыту Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця, падпісанага ў Маскве 25 сакавіка 2016 году», — адзначылі ў міністэрстве.

Вясной 2016 года беларускія ўлады падпісалі крэдытную праграму аб атрыманьні з ЭФСР крэдыту на 2 млрд даляраў, які даецца сямю траншамі. Для атрыманьня траншаў улады Беларусі павінны рэалізаваць комплекс мер па рэфармаваньні эканомікі.

Раней беларускі бок атрымаў два траншы эўразійскага крэдыту — 500 млн даляраў у сакавіку 2016 году, 300 млн даляраў — у ліпені летась. Міністэрства фінансаў Беларусі разьлічвала атрымаць трэці транш памерам 300 млн даляраў у кастрычніку 2016 году, аднак гэтага не адбылося: пасяджэньне рады ЭФСР летась не праводзілася.

Беларускія аналітыкі адзначалі, што затрымка з даваньнем трэцяга траншу эўразійскага крэдыту была сьледзтвам нафтагазавай спрэчкі паміж Масквой і Менскам. На перамовах у Санкт-Пецярбургу 3 красавіка Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін абмяркоўвалі ўзаемадзеяньне Беларусі з ЭФСР. Першы віцэ-прэм’ер Беларусі Васіль Мацюшэўскі паводле вынікаў сустрэчы заявіў журналістам, што Пуцін «быў паінфармаваны аб рэалізацыі Беларусьсю праграмы ў межах Эўразійскай фонду стабілізацыі і разьвіцьця». «На ўзроўні прэзыдэнта Расеі мы атрымалі падтрымку нашым ініцыятывам у частцы далейшага працягу гэтай праграмы. Уладзімір Пуцін абяцаў усяляк садзейнічаць, каб праграма з ЭФСР працягвалася», — сказаў 4 красавіка Мацюшэўскі. Ён таксама паведаміў, што Расея ў 2017 годзе цалкам рэфінансуе ўсе абавязаньні Беларусі па міждзяржаўных крэдытах памерам 750-800 млн даляраў.

Плацяжы Беларусі па зьнешнім і ўнутраным дзяржаўным доўгу сёлета складаюць прыблізна 3,5 млрд даляраў. З іх на плацяжы па зьнешнім доўгу плянуецца накіраваць 1,8 млрд даляраў, па ўнутраным — 1,7 млрд. Самыя буйныя сумы ў кошт пагашэньня зьнешняга доўгу сёлета Беларусь павінна пералічыць Расеі (741,3 млн даляраў), Эўразійскаму фонду стабілізацыі і разьвіцьця (487,9 млн) і Кітаю (381,7 млн).

Беларускія ўлады працягваюць перамовы аб новай крэдытнай праграме з Міжнародным валютным фондам. Пра гэта паведамляе БелаПАН.http://by.belapan.by/

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG