Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Францыі — дзень цішыні перад прэзыдэнцкімі выбарамі


У суботу ў Францыі наступіў дзень цішыні перад заплянаваным на 23 красавіка першым турам прэзыдэнцкіх выбараў. Кандыдатам на пасаду кіраўніка дзяржавы забараняецца весьці агітацыю, а сродкам масавай інфармацыі — публікаваць матэрыялы, якія могуць паўплываць на меркаваньне францускіх выбацаў.

Паводле апытаньняў грамадзкай думкі, фаварытам прэзыдэнцкай гонкі зьяўляецца лідэр руху «Наперад!», экс-міністар эканомікі Эманюэль Макрон. За яго гатовыя аддаць галасы каля 23% выбарцаў. Макрон самы малады кандыдат у прэзыдэнты Францыі — яму 39 гадоў.

Падчас апошніх тэледэбатаў кандыдатаў у прэзыдэнты Макрон заявіў, што тэракты «застануцца часткай паўсядзённага жыцьця французаў у бліжэйшыя гады», таму Францыя павінна супрацьстаяць тэрарызму як на сваёй тэрыторыі, так і за яе межамі. Сярод перадвыбарных абяцаньняў Макрона — зьніжэньне ўзроўню беспрацоўя да 2022 году, а таксама павелічэньне мінімальных пэнсій і дапамог пры росьце выдаткаў на вайсковыя патрэбы. У выпадку перамогі на выбарах ён раней паабяцаў прымусіць Пуціна «ставіцца да яго з павагай».

Ня моцна адстае ад Макрона лідэр «Нацыянальнага фронту» Марын Ле Пэн, за якую ў першым туры гатовыя аддаць галасы 22% выбаршчыкаў. Мяркуецца, што менавіта гэтыя два кандыдаты змогуць выйсьці ў другі тур.

Ле Пэн у тэледэбатах паабяцала «вярнуць французам сувэрэнітэт у чатырох найважнейшых пытаньнях:

  • ахове межаў;
  • кантролі за прыняцьцем законаў;
  • кантролі за эканомікай краіны для правядзеньня палітыкі пратэкцыянізму, у той час як Эўразьвяз гэта забараняе;
  • вяртаньні нацыянальнай валюты».

Маючыя адбыцца выбары ў Францыі ў пятніцу пракамэнтаваў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. На яго думку, чарговая тэрарыстычная атака, якая адбылася ў чацьвер на Елісейскіх палях, акажа вялікі ўплыў на вынікі галасаваньня. «Французы ня змогуць працягваць гэта цярпець», — адзначыў Трамп. Экспэрты сыходзяцца ў меркаваньні, што тэракт можа згуляць на руку Ле Пэн, дзякуючы яе жорсткай рыторыцы ў адносінах да мігрантаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG