Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка выступіць са штогадовым пасланьнем: пра што ён гаварыў год таму?


21 красавіка на сумесным пасяджэньні ніжняй і верхняй палатаў Нацыянальнага сходу Аляксандар Лукашэнка выступіць са штогадовым пасланьнем да народу Беларусі і парлямэнту. Ягоны зварот уяўляе сабой праграмны выступ, у якім агучваюцца пляны на найбліжэйшую пэрспэктыву.

Папярэдняе пасланьне прагучала ў той жа Авальнай залі Дому ўраду акурат год таму, 21 красавіка 2016-га. На чым тады акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы?

Ураду даручылі падрыхтаваць да 1 ліпеня дзяржпраграму інавацыйнага разьвіцьця

Лукашэнка заявіў, што гэты дакумэнт вызначыць усе ключавыя падыходы, прыярытэтныя напрамкі, першачарговыя меры і інструмэнты для фармаваньня эканомікі ведаў. Паводле яго слоў, стратэгіяй Беларусі становіцца пераход на шлях інавацыйнага разьвіцьця:

«І прычына не ў абмежаванасьці мінэральна-сыравінных рэсурсаў. Трэнд у эканоміцы сёньня зусім іншы: галоўнае багацьце — гэта мазгі, навука, інавацыі, а ня тое, што Гасподзь паклаў у зямлю».

Камэнтар кіраўніка аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леаніда Заікі:

«Лукашэнку гэтую частку тэксту хтосьці напісаў. Напісаў, зыходзячы з добрых пажаданьняў. Тут ужываецца новая эканамічная форма — „эканоміка ведаў“. Беларусь уваходзіць у гэтую гістарычную фазу. Але можа і не ўвайсьці. Таму што эканоміка ведаў — найперш навука. А ў нас з гэтым праблема. Ну, абвясьцілі 2017 год годам навукі. Вось, бадай, адзінае, што выканалі. А калі казаць па вялікім рахунку, то да эканомікі ведаў мы нават яшчэ не дайшлі, ня тое што ў яе ўвайшлі».

Год павінен стаць пераломным у пераадоленьні нэгатыўных тэндэнцый у эканоміцы

Аляксандар Лукашэнка год таму заявіў:

«Я надаю яму (гэтаму году), як і вы, асаблівае значэньне шмат зь якіх прычын. Але ў першую чаргу таму, што зь яго пачынаецца новы пяцігадовы этап разьвіцьця. Ён павінен стаць пераломным у пераадоленьні нэгатыўных тэндэнцый у эканамічнай сфэры... Мы адстаём ад перадавых краін па роўні прадукцыйнасьці працы, затратах энэргіі, матэрыялаў і ў канчатковым выніку — па канкурэнтаздольнасьці тавараў і паслуг. Пагрозам нашай эканамічнай бясьпецы мы павінны супрацьпаставіць арганізаванасьць і ініцыятыву, мабілізацыю ўсіх рэсурсаў і ўменьне эфэктыўна гаспадарыць».

Камэнтар Леаніда Заікі:

«Тут дарадцы Лукашэнкі няправільна разьлічылі саму траекторыю крызісу. У Беларусі адбывалася сьцісканьне эканомікі, што стала дакладна бачна па выніках 2016 году. Сьцісканьне стала памерам каля 40%, чаго, канечне, праўладныя эканамісты зусім не чакалі. А тое, што казаў Лукашэнка, кшталту — трэба пераадольваць цяжкасьці, падвышаць прадукцыйнасьць працы, павялічыць канкурэнтаздольнасьць і г.д. — гэта ўсё з матэрыялаў XXV зьезду КПСС. Тады партыя бачыла, як СССР усё болей адставаў ад перадавых краін».

Да 1 верасьня прааналізаваць заканадаўства на прадмет зразумеласьці для інвэстараў

Лукашэнка падкрэсьліў, што беларускай эканоміцы вельмі патрэбныя дадатковыя грошы, якія могуць прыйсьці ў выглядзе інвэстыцый:

«Галоўны стымул для інвэстыцый — гэта выразныя і зразумелыя правілы і законы, якія выконваюць усе: як нашы айчынныя, так і замежныя інвэстары. Але калі ў нас у эканоміцы ёсьць законы, якія тармозяць працэс прыцягненьня капіталаўкладаньняў, то неабходна хутка рэагаваць і гнутка адаптаваць да зьменлівай рэальнай сытуацыі... Патрабую ў самыя кароткія тэрміны ліквідаваць усе заканадаўчыя перашкоды для прыцягненьня ў эканоміку краіны сродкаў міжнародных фінансавых арганізацый. Гаворачы простай мовай, зьняць усялякія бюракратычныя бар’еры... Для аднаўленьня эканамічнага росту неабходна прыцягнуць ня менш як 1,5 мільярда даляраў наўпроставых замежных інвэстыцый на чыстай аснове».

Камэнтар Леаніда Заікі:

«Пошук наўпроставых замежных інвэстыцый прадугледжвае ня нейкі агульны падыход да гэтай справы, а выключна кропкавае рашэньне. Адзін з прэм’ераў Літвы асабіста абляцеў вядучыя краіны і прапаноўваў: мы можам зрабіць канкрэтна вось гэта і гэта. І другое — краіны, якія сябе паважаюць, ніколі не ствараюць адмысловых умоваў для замежных інвэстараў. Умовы павінны быць аднолькавыя. Толькі тады замежнікі не баяцца ўкладаць грошы ў чужую краіну. Лукашэнка казаў: умовы павінны быць зразумелыя, простыя і г.д. Але ж нічога ня зроблена. На 1,5 мільярда даляраў можна пабудаваць дзесьці пяць аўтамабільных заводаў. А вы чулі хоць пра адзін? Ніхто нам інвэстыцый не дае».

Беларусь павінна адыгрываць больш актыўную ролю ва ўсясьветнай палітыцы

Кіраўнік краіны падкрэсьліў, што не Беларусь ірвецца адыгрываць больш актыўную і значную ролю ва ўсясьветнай палітыцы:

«Ад нас гэтага патрабуюць ужо ўсясьветныя дзяржавы, а па нейкіх пытаньнях і просяць. Сёньня Беларусь — гэта апора бясьпекі ў рэгіёне. У нас няма канфліктаў ні па рэлігійнай, ні па нацыянальнай прыкметах. Мы ніколі не стваралі і не ствараем праблемаў суседзям. І ніколі ня будзем іх ствараць».

Лукашэнка дадаў, што шматвэктарнасьць зьнешняй палітыкі як была, так і застаецца асноўным прынцыпам Беларусі.

Камэнтар палітоляга Андрэя Фёдарава:

«У мяне ўзьнікаюць даволі сур’ёзныя сумненьні, калі чуеш, што Беларусь гуляе па сваёй ці чужой волі ў вялікія палітычныя гульні. Адзінае, што зрабіла Беларусь за апошнія гады на міжнароднай арэне, — гэта дала сваю пляцоўку для перамоваў па Ўкраіне. Праўда, апошнім годам усе канстатуюць, што менскі працэс амаль спыніўся. Пакуль зь яго ніхто не выходзіць, бо іншага не прапануецца. Але, мабыць, нешта тут зьменіцца».

Асобным сілам у Расеі трэба спыніць размовы пра разварот Беларусі на Захад

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Расейская Фэдэрацыя — гэта саюзьніца і стратэгічны партнэр Беларусі:

«Нам трэба дынамічна разьвіваць усебаковае супрацоўніцтва на міждзяржаўным і рэгіянальным роўнях. Прыкра слухаць зь некаторых ангажаваных рупараў у Расеі, што ў нас ледзьве ня „мяккая беларусізацыя“, яшчэ штосьці адбываецца — ледзь не разварот. Ня ведаю толькі, куды мы можам разьвярнуцца? Мы былі і ёсьць браты. Гэта гістарычна, стагоддзямі прадвызначана... Але я хачу, каб расейцы разумелі: мы ня будзем хлопчыкамі на пабягушках. Мы самастойная, сувэрэнная дзяржава, якая жыве з вамі ў адным доме, але мае сваю кватэру. Хай маленькую, невялікую, але сваю».

Камэнтар Андрэя Фёдарава:

«За год, які прайшоў ад часу папярэдняга пасланьня, былі спробы беларускага кіраўніцтва адысьці ад курсу, які хацеў бы бачыць у афіцыйнага Менску Крэмль. Але не магу сказаць, што гэта атрымалася пасьпяхова. Што тычыцца эканамічнай залежнасьці ад Расеі, то нядаўнія падзеі паказалі: яна стала яшчэ больш моцнай. Апошнія дамоўленасьці пра газ і нафту мне падаюцца больш выгаднымі для Расеі, чым для Беларусі».

Звычайна Лукашэнка выступае з традыцыйным пасланьнем у трэцяй дэкадзе красавіка, за выключэньнем 2006 і 2012 гадоў, калі звароты перанесьлі на пачатак траўня.

Сёлета ўпершыню за доўгі час Лукашэнка сутыкнуўся з масавай незадаволенасьцю грамадзян сацыяльнай і эканамічнай палітыкай дзяржавы, шмат у якіх гарадах прайшлі так званыя «маршы недармаедаў». Актывістаў і ўдзельнікаў акцый на Дзень Волі, а таксама абаронцаў Курапатаў каралі буйнымі штрафамі і адміністрацыйнымі арыштамі.

Усё больш настойліва загучалі патрабаваньні вярнуць міжнародныя санкцыі ў дачыненьні да беларускіх уладаў, якія распачалі новую хвалю рэпрэсій.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG