Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі інстытут плянаваў прапагандысцкую кампанію за Трампа — Reuters


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

У Расейскім інстытуце стратэгічных дасьледаваньняў вялася работа над плянамі ва ўмяшаньні ў выбары прэзыдэнта ЗША, паведамляе Reuters са спасылкай на сем неназваных былых і дзейных амэрыканскіх чыноўнікаў.

Як сьцьвярджае агенцтва, на думку амэрыканскіх спэцслужбаў, кампанія была арганізаваная ўладамі Расеі. Інстытут стварыў прынамсі два канфідэнцыйныя дакумэнты з прапановамі ў прапагандысцкай кампаніі на выбарах у ЗША. Атрыманыя спэцслужбамі ЗША ўжо пасьля выбараў, гэтыя дакумэнты сталі для адміністрацыі Абамы галоўным доказам таго, што Расея ладзіла прапагандысцкую кампанію і сэрыю кібэратак з мэтай уплыву на выбары, піша Reuters.

Першы дакумэнт, створаны ў чэрвені 2016 году, «цыркуляваў на вышэйшых узроўнях расейскага ўраду». Ён прапануе запусьціць у падкантрольных міжнародных СМІ (RT, Sputnik ды іншых, а таксама падкантрольных блогераў) кампанію агітацыі за больш мяккага да Расеі кандыдата. Гэты дакумэнт, сьцьвярджае Reuters, быў працягам ранейшай кампаніі пазытыўных аповедаў пра кампанію тагачаснага кандыдата Дональда Трампа.

Другі дакумэнт, распрацаваны ў кастрычніку 2016 году, прапануе сканцэнтравацца на кампаніі супраць кандыдаткі Гілары Клінтан і паведамленьнях пра магчымыя фальсыфікацыі на выбарах, бо меркавалася, што Трамп на выбарах прайграе.

Яшчэ да публікацыі Reuters агенцтва ТАСС распаўсюдзіла заяву інстытуту пра тое, што пытаньні неназваных СМІ пра сувязь Крамля і інстытута з прапагандысцкай кампаніяй — «недарэчны жарт». У Sputnik адказалі Reuters, што паведамленьні крыніцаў агенцтва — «абсалютная хлусьня». RT і інстытут не адказалі на пытаньні Reuters.

Дзяржаўны сакратар ЗША Джон Керы раней заявіў, што згодны са зьвесткамі выведкі аб датычнасьці найвышэйшага кіраўніцтва Расеі да кібэратак падчас прэзыдэнцкай кампаніі. У апошнія дні прэзыдэнцтва Барак Абама ўвёў новыя санкцыі супраць Расеі ў сувязі зь яе кібэратакамі, умяшаньнем у прэзыдэнцкія выбары ды іншымі дзеяньнямі, у тым ліку ціскам на амэрыканскіх дыпляматаў у Маскве. Дональд Трамп ставіў пад сумнеў высновы выведкі аб умяшаньні Расеі ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША. Расея адмаўляе свой удзел у кібэратаках і ва ўмяшаньні ў амэрыканскія выбары.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG