Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў клюбе Алексіевіч — лекцыя пра пост-праўду ад журналіста Аляксандра Марозава


Аляксандар Марозаў

Ангельскі прыметнік рost-truth («пост-праўдзівы, які мае дачыненьне да пост-праўды») стаў словам 2016 году паводле вэрсіі Оксфардзкага слоўніка. Дасьледнікі сьцьвярджаюць, што ягонае выкарыстаньне летась узрасло на 2000% у параўнаньні з 2015 годам. «Постпраўда» характарызуе абставіны, у якіх аб’ектыўныя факты маюць меншае значэньне ў фармаваньні грамадзкага меркаваньня, чым эмоцыі і асабістыя меркаваньні.

«Тое, што адбываецца сёньня ў сфэры мэдыя, камунікацыі і той праблемны стан камунікацыяў, які вызначаюць словам „постпраўда“, гэта вельмі важная тэма для ўсёй Эўропы, — кажа Аляксандар Марозаў. — Тэма важная ня толькі праз Трампа і Пуціна, але і проста таму, што ў апошнія 5-10 год ідзе эвалюцыя сацыяльнай камунікацыі, у першую чаргу праз сацыяльныя сеткі».

Адказваючы на пытаньне Радыё Свабода пра ўзаемадачыненьні «постпраўды» і «прапаганды» на тэрыторыі постсавецкіх краінаў, Аляксандар Марозаў тлумачыць, што ў савецкі пэрыяд для фармаваньня мэдыясытуацыі ключавую ролю грала цэнзура.

«У позьнесавецкі пэрыяд сфармавалася так званая самацэнзура, калі літаратары, дзеячы мастацтва добраахвотна прымалі на сябе тыя абмежаваньні, якія гэтая сыстэма спараджала», — кажа ён. Пазбавіцца ж «радыяцыі няўдалага постсавецкага транзыту» удалося ня ўсім.
Сытуацыя «постпраўды» у Эўропе, паводле Марозава, стала актыўна абмяркоўвацца ў апошнія два-тры гады — «з моманту актыўнага ўздыму так званых новых папулісцкіх рухаў, Брэксыту, калі зьявіліся новыя рэспубліканцы».

«Але з гэтым краіны постасавецкія краіны сутыкнуліся досыць рана, — лічыць Марозаў. — Яшчэ да 2014 году ў Расеі разьвіваўся такі спосаб кантролю над мэдыя. Яшчэ ў часы Ўладзіслава Суркова (памочнік прэзыдэнта РФ — РС.), пры якім было відаць, што гэта ня проста стварэньне ці стымуляваньне самацэнзуры, якое абмяжоўвала б крытычнае выказваньне пра ўлады».

Марозаў мяркуе, што ў працэсе стварэньня гэтай сытуацыі адбывалася «разбэшчваньне аўдыторыі». «Каб яна сказала сабе, што ня важна, ёсьць там праўда ці не. Каб яна прыняла любую паўпраўду, — тлумачыць ён. — І галоўная мэта гэтага, каб людзі не ўмешваліся ў палітычны і сацыяльны працэс».

«Гэты кшталт постпраўды ў Расеі і зь Беларусьсю агульны», — заключае Аляксандар Марозаў. — Думаю, што гэтае абмеркаваньне будзе вельмі да месца ў клюбе Сьвятланы Алексіевіч. Беларуская аўдыторыя плённая, яна ўключаная ў гэты дыялёг, гэтае абмеркаваньне, якое хвалюе цяпер усе ўсходне-эўрапэйскія грамадзтвы».

Аляксандар Марозаў — палітычны журналіст, аглядальнік, блогер. Раней — калюмніст выданьняў Forbes.ru, Сноб.ру, Colta.ru, Слон.ру (цяпер — Republic), аўтар газэты «Ведомости», часопіса The New Times. У 2011-2015 быў шэф-рэдактарам «Русского журнала». У 2015-2016 — супрацоўнік Deutsche Welle. Цяпер — карэспандэнт часопісу Colta.ru ў краінах Балтыі.

Паседжаньне інтэлектуальнага клюбу Сьвятланы Алексіевіч адбудзецца 20 красавіка а 19 гадзіне ў будынку амбасады Літоўскай Рэспублікі пад адрасам: Менск, Захарава, 68.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG