Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэс-сакратар БАЖ заявіў у міліцыю на першага сакратара Кампартыі


Георгі Атаманаў перад ударам. Фота Барыса Гарэцкага
Георгі Атаманаў перад ударам. Фота Барыса Гарэцкага

Барыс Гарэцкі, прэс-сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў, падаў заяву ў міліцыю адносна дзеяньняў першага сакратара Камуністычнай партыі Беларусі Георгія Атаманава, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Паводле Гарэцкага, калі ён спрабаваў сфатаграфаваць Атаманава пасьля судовага працэсу 19 красавіка, той на вачах сьведак выбіў у яго з рук тэлефон. Падчас працэсу і ў перапынках, кажа Свабодзе Гарэцкі, ён спэцыяльна не фатаграфаваў Атаманава, хоць судзьдзя не забараняў фота ў перапынку, а вырашыў зрабіць фота на ганку.

«Ён падышоў да мяне, замахнуўся сваёй тэчкай, выбіў тэлефон з рук, — кажа Гарэцкі. — Тэлефон зваліўся на зямлю, але не разьбіўся. Я падаў заяву, каб яго прыцягнулі да вызначанай законам адказнасьці. На наш погляд, тут ёсьць склад адміністрацыйнага правапарушэньня ў выглядзе дробнага хуліганства: у яго была задума, ён наўмысна выбіў гэты тэлефон».

Здарэньне адбылося пасьля разгляду пазову гісторыка Ігара Кузьняцова аб абароне гонару, годнасьці і рэпутацыі супраць кампартыі, рэдакцыі газэты «Камуніст Беларусі» і яе аўтара Андрэя Лазуткіна, які ў сваіх публікацыях на тэму Курапатаў называў Кузьняцова «фальсыфікатарам гісторыі, які атрымлівае фінансаваньне для ажыцьцяўленьня антыдзяржаўнай дзейнасьці». Рашэньне па справе маюць агучыць раніцай 20 красавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG