Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заяўнікі «Чарнобыльскага шляху» паспрабуюць пераканаць Менгарвыканкам


Павал Севярынец

Арганізацыйны камітэт «Чарнобыльскага шляху» даручыць заяўнікам акцыі яшчэ раз наведаць сталічны гарвыканкам.

Пра гэта Свабодзе паведаміў сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец, камэнтуючы сёньняшняе рашэньне менскіх уладаў пра зьмену месца і часу правядзеньня «Чарнобыльскага шляху»:

«Зразумела, што мы незадаволеныя рашэньнем гарадзкіх уладаў, якія зьмяняюць ня толькі маршрут акцыі, але і час яе правядзеньня. Мы прасілі шэсьце ад Тэатру опэры і балету да Чарнобыльскай капліцы, а нам прапаноўваюць зьбірацца ля кінатэатру „Кастрычнік“. Мы прасілі пачаць збор удзельнікаў а 18-й гадзіне, нам жа дазваляюць зрабіць гэта а 14-й.

Таму заўтра папросім заяўнікаў яшчэ раз схадзіць у гарвыканкам і дамагчыся пераносу акцыі на вечар. Дзённы час нас не задавальняе», — сказаў Павал Севярынец.

«Недарэчным» называе рашэньне менскіх уладаў Аляксей Янукевіч — старшыня партыі БНФ, якая таксама ўдзельнічае ў падрыхтоўцы «Чарнобыльскага шляху»:

«Яно, акрамя агіды, нічога не выклікае. Мне падаецца, што такімі рашэньнямі ўлады дэманструюць толькі сваю няўпэўненасьць. Падчас арганізацыі акцыі 25 сакавіка менскія гарадзкія ўлады паказалі, што весьці перамовы зь імі — справа няўдзячная. Заўтра мы зьбіраем тэрміновае пасяджэньне аргкамітэту і супольна вырашым, што рабіць далей», — сказаў Свабодзе Аляксей Янукевіч.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG