Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэфэрэндум у Турэччыне: рэформу Эрдагана падтрымала большасьць


Прыхільнікі Эрдагана сьвяткуюць у Стамбуле, 15 красавіка 2017 году

Дзяржаўнае Анаталійскае агенцтва паведаміла вынікі падліку 100 адсоткаў галасоў выбарнікаў у рамках рэфэрэндуму, які праходзіў 16 красавіка. Большасьць грамадзян Турэччыны падтрымалі папраўкі ў Канстытуцыю, дзякуючы якім парлямэнцкая рэспубліка становіцца прэзыдэнцкай. «За» выказаліся 51,35 адсотка (24 мільёны 326 тысячы выбарнікаў), супраць — больш як 48,65 адсотка (23 мільёны 187 тысяч выбарнікаў). Гэта самая буйная рэформа кіраваньня ў краіне за апошнія 100 гадоў.

Па выніках рэфэрэндуму прэзыдэнт Рэджэп Таіп Эрдаган атрымае пашыраныя паўнамоцтвы. Цяпер ён сам будзе прызначаць віцэ-прэм’ераў (пасада прэм’ер-міністра будзе ліквідаваная), судзьдзяў Канстытуцыйнага суду і чальцоў Вярхоўнай рады, судзьдзяў і пракурораў, распускаць парлямэнт, а таксама ўводзіць надзвычайнае становішча. Акрамя таго, Эрдаган зможа заставацца ва ўладзе да 2029 году.

Падчас правядзеньня рэфэрэндуму апазыцыйныя партыі і СМІ паведамлялі пра шматлікія парушэньні на выбарчых участках і па-за імі. Пачынаючы з таго, што, нягледзячы на забарону агітацыі ў дзень галасаваньня, на будынках у буйных гарадах, уключаючы Анкару і Стамбул, заставаліся плякаты кіроўнай Партыі справядлівасьці і разьвіцьця (ПСР), і заканчваючы маштабным скажэньнем вынікаў.

Прадстаўнікі апазыцыйнай Рэспубліканскай народнай партыі заявілі, што інцыдэнты падчас галасаваньня назіраліся на 60 працэнтах выбарчых участках. У РНП таксама заявілі, што ўлады ўлічылі 1,5 мільёна галасоў, якія павінны былі быць прызнаныя несапраўднымі. Як адзначаюць СМІ, на многіх участках прадстаўнікі выбарчай камісіі ня ставілі пячатку на бюлетэні, некаторыя канвэрты не былі запячатанымі. Акрамя таго, у сеціве зьявіліся відэа, на якіх невядомыя ставяць пячаткі на пустыя бюлетэні, галасуючы «за» прапанаваныя папраўкі замест выбарнікаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG