Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Графіці з Давыдзькам прыбралі з плоту Белдзяржтэлерадыёкампаніі


Сьцяна, дзе было разьмешчанае графіці з выявай Генадзя Давыдзькі

Выяву кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзькі ў выглядзе тэлепузіка прыбралі з плоту Белдзяржтэлерадыёкампаніі.

Графіці з Генадзем Давыдзькам зьявіліся ў розных месцах Менску, у тым ліку на фоне будынку Белтэлерадыёкампаніі, паведаміў Signal project у Фэйсбуку.

«Работнікі БТ сьпяшаюцца на працу ці ў горад пад наглядам Давыдзькі Генадзя Браніслававіча», — паведамляецца ў суполцы street-art супольнасьці Беларусі.

У першай палове дня 16 красавіка графіці заўважылі супрацоўнікі міліцыі. Апоўдні выява Давыдзькі ўжо была прыбраная з агароджы.

Аўтары графіці паведамілі, што такім чынам выказалі сваё стаўленьне да таго, што старшыня Белтэлерадыёкампаніі «прапануе забараніць камэнтаваць навіны ў інтэрнэце».

Раней на платах у Беларусі зьяўляліся выявы іншых чыноўнікаў, у тым ліку Марыяны Шчоткінай з подпісам «Гэта я, аўтар падатку для беспрацоўных».

Марыяна Шчоткіна, цяперашняя віцэ-сьпікерка Савету Рэспублікі, была ініцыятарам дэкрэту № 3 «Аб прадухіленьні сацыяльнага ўтрыманства», які выклікаў у Беларусі масавыя пратэсты ў розных гарадах краіны.

Таксама на адным з будынкаў на вуліцы Дружнай зьявілася карыкатура на старшыню Савету Рэспублікі Беларусі Міхаіла Мясьніковіча, які быў намаляваны ў поўны рост з надпісам: «Гэта я ўвёў дарожны падатак».

Куратар стрыт-арт-супольнасьці Signal Алег Ларычаў 4 красавіка быў зьбіты невядомымі ў пад’езьдзе свайго дома.

XS
SM
MD
LG