Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рымашэўскі не прыйшоў на суд, бо адвозіў дачку ў школу. На наступны суд можа спазьніцца праз Эўракамісію


Віталь Рымашэўскі

У судзе Цэнтральнага раёну Менску 4 красавіка прысудзілі штраф 1035 рублёў сустаршыню БХД Віталю Рымашэўскаму за ўдзел у менскім «Маршы абураных беларусаў» 17 лютага. Сам Рымашэўскі на судзе не прысутнічаў, бо, як растлумачыў Свабодзе, спазьніўся:

«У мяне былі асабістыя, сямейныя справы: я дачку вазіў у школу. Усе неабходныя рэчы і характарыстыкі былі перададзеныя адвакату, каб юрыдычна гэта было спраўджанае. Але я думаю, рашэньне не залежыць ад маёй прысутнасьці ці непрысутнасьці — на жаль, у нас незалежных судоў няма. Я ж проста спазьніўся. Можна сказаць, я сёньня выбраў сям’ю, а пра рашэньне даведаўся бы так ці інакш».

Наступны раз судзіць Рымашэўскага будуць заўтра, у судзе Савецкага раёну Менску — на гэты раз за ўдзел у акцыі ў абарону Курапатаў:

«Прадказаць цяжка, якія там будуць пакараньні, бо звычайная лёгіка не працуе. Я ўжо сёньня рыхтаваўся на суткі ісьці. Адпаведна, і на заўтра сабраў рэчы, — разважае Рымашэўскі. — Але заўтра я на суд зьбіраюся. Праўда, а 10-й гадзіне ў нас сустрэча з прадстаўнікамі Эўракамісіі, а аб 11-й ужо суд. Так што адразу па сустрэчы я паеду на суд, хоць і ня факт, што дакладна да 11-й прыеду».

Рымашэўскі тыдзень таму выйшаў на волю пасьля 15 сутак арышту. Ён, а таксама лідэр руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч і старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька былі асуджаныя за «Марш недармаедаў» у Маладэчне. Лябедзьку і Рымашэўскага тады затрымлівалі ў жывым эфіры. Да затрыманых прыехала, нягледзячы на зламаную нагу, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая.

XS
SM
MD
LG