Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рух «За свабоду» таксама папярэдзілі за Дзень Волі. «Больш абсурднага рашэньня я яшчэ ня бачыў», — Губарэвіч


Рух «За свабоду», як і Партыя БНФ і Абʼяднаная грамадзянская партыя, атрымаў пісьмовае папярэджаньне ад Міністэрства юстыцыі.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды сказаў старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.

«Нам вынесьлі папярэджаньне абсалютна з аналягічным тэкстам, дзе нас папярэдзілі за тое, да чаго юрыдычна рух „За свабоду“ ня мае ўвогуле ніякага дачыненьня. Больш абсурднага рашэньня дзяржаўных органаў я яшчэ ня бачыў», — сказаў старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч карэспандэнту Свабоды.

Ён пацьвердзіў, што папярэджаньне будзе абскарджана ў Вярхоўным судзе.

«Гаворыцца, што паколькі адзін з заяўнікаў акцыі на 25 сакавіка зьяўляецца сябрам руху „За свабоду“ і паколькі ў час падрыхтоўкі, на думку Мінʼюста, адбыліся парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, то Рух як арганізацыя павінен несьці адказнасьць за гэта.

То бок тут зьвязалі ў адно цэлае і жука і жабу.

Бо калі ў Мінʼюсьце людзі маюць хоць мінімальную юрыдычную адукацыю, яны павінны мець уяўленьне, што заканадаўства аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў прадугледжвае дзьве формы падачы заявак: ад фізычных асобаў і ад юрыдычных.

І ў выпадку, калі Рух як юрыдычная асоба падаваў заяўку, прымаў рашэньне на ўзроўні кіроўнага органа даручыць фізычнай асобе падаць заяўку, тады б мы мелі дачыненьне і маглі б несьці нейкую адказнасьць.

А паколькі нічога падобнага не было, гэтыя прэтэнзіі Мінʼюста выглядаюць абсалютна абсурдна», — сказаў Юрась Губарэвіч.

Аналягічнае пісьмовае папярэджаньне, таксама за акцыю на Дзень Волі 25 сакавіка ў Менску, Міністэрства юстыцыі вынесла Партыі БНФ і АГП.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG