Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень непаслушэнства Лукашэнкі


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

«Грай, шукай / У снах юнацтва свае мары!». «Паважаныя ўдзельнікі Brutto, чаму ад вас не чуваць падтрымкі грамадзянскай супольнасьці Беларусі? Ці вашы песьні пра іншае?» — пытаецца Lera Savchenkova.

Да лідэра Brutto Сяргея Міхалка я магу дадаць сотні, калі ня тысячы, людзей у Беларусі ды іншых краінах, якія ўважліва і цярпліва чакаюць, ці не дасягне Лукашэнка пункту невяртаньня.

Вядома, Міхалок можа, як калісьці, у грубай форме даць характарыстыку Лукашэнку. І Brutto спыніць канцэртную дзейнасьць у Беларусі. А калектыўны Захад можа вярнуць санкцыі і штурхнуць Беларусь у эканамічныя, а значыць і палітычныя абдымкі Расеі.

Гэта калі кіравацца думкай пра «хачу/не хачу» Лукашэнкі, які, нібы Карабас Барабас лялькамі, маніпулюе грамадзянамі Беларусі і «замежнымі партнэрамі». А калі ўсё больш складана? Калі ў Беларусі ня толькі і ня столькі «лялькі», а розныя групы і супольнасьці, у тым ліку сярод тых, хто ўплывае на палітыку і эканоміку Беларусі? А Лукашэнка не самадзержац-лялькавод?

У нас не аднойчы ўжывалі выраз «сьвята непаслушэнства» да актыўных людзей, чые вулічныя акцыі пэўны час не разганяліся. А пасьля ўлада тое «сьвята» спыняла чарговай «закруткай гаек».

Цяпер выглядае, што гэта Лукашэнку пакуль дазволілі беспакарана пагарэзіць 25-сакавіка ва ўласьцівай яму манеры — «жэстачайшэ пакараць».

Вядома, дыпляматам з усіх зацікаўленых бакоў будзе прыкра згубіць свой час і высілкі не аднаго году дзеля нармалізацыі адносін з Беларусьсю.

Як і Сяргею Міхалку будзе шкада згубіць сваю немалую аўдыторыю. Зьмены ў сьвядомасьці грамадзтва — справа не аднаго году. Цяпер бачым выбар: ці як у тым анэкдоце «ўсё роўна нічога не атрымалася» — рубануць з пляча, ці чакаць, ці ня пойдзе Лукашэнка далей у рэпрэсіях. Чакаць лінію, калі прагматыка будзе менш важнай за этычны выбар.

Але што можа прад'явіць Лукашэнка гораду і сьвету? Выселіць заходніх дыпляматаў? Пасадзіць афіцыйную апазыцыю? Разагнаць СМІ? Вымусіць бізнэсоўцаў перавесьці актывы за мяжу? Спарадзіць чарговую хвалю гастарбайтэраў ва ўсе чатыры бакі?

Як варыянт, Лукашэнка можа таргавацца сваім нэўтралітэтам у магчымым вайсковым канфлікце РФ і NАТО. Але калі б названы эвэнтуальны канфлікт пачаўся проста заўтра, ці змог бы Лукашэнка застацца нэўтральным? Рытарычнае пытаньне. Ня тыя магутнасьці ў беларускага войска і — галоўнае — ў эканомікі.

Лукашэнку трэба завяршаць «сьвята непаслушэства». Як мага хутчэй выпускаць фігурантаў справы «Белага Легіёну», бо яны хутка могуць быць прызнанымі палітвязьнямі — занадта шмат белых нітак у справе. Спыніць нават думаць чапаць журналістаў. Дый наагул «кашмарыць» грамадзянскую супольнасьць. Інакш заходні фінансавы кранік, які яшчэ нават не адкрываўся, проста запаяюць.

У кожным разе, у адносна бліжэйшым часе па ўчынках Лукашэнкі мы канчаткова зможам убачыць, ці сапраўды ён самастойны палітык, які можа гаварыць ня толькі з горадам Масквой, але і з цэлым сьветам.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG