Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прагне майдану


Сяргей Дубавец. Здымак Алеся Лагвінца

Лукашэнка на словах — майдану ня будзе. На справе — будзе, будзе!

Калі глядзець на паводзіны, людзі зусім не на майдан выйшлі, гэта амон выйшаў як на майдан. Як на майдан выйшла ўлада.

Людзі ў масе сваёй і ня хочуць ніякага майдану. Мне, напрыклад, 25 сакавіка хапіла б элемэнтарнай павагі з боку ўлады да майго сьвята. Проста каб не чапалі. А сьвята і пратэст — рэчы ўзаемавыключныя.

Калі ў такі дзень улада ў сьвяточных людзях бачыць пратэстоўцаў, якія ідуць яе зьвяргаць, значыць, яна або неадэкватная, або зь неверагоднай сілай прагне ўкраінскага сцэнара. Гэта як банда напала на чужое вясельле і правакуе сьвяточную грамаду на мардабой.

Уласная дзяржаўнасьць — галоўны здабытак кожнага народа. Вось што мы сьвяткуем 25 сакавіка. Мы сьвяткавалі гэты дзень і ў падпольлі, і на дзяржаўнай сцэне, і на вуліцах Менску. Можа быць, вы ведаеце каго-небудзь, хто гатовы ў падпольлі сьвяткаваць дзень абвяшчэньня БССР ці Лукашэнкава 3 ліпеня? Між іншым — цынічная падмена паняткаў, каб размыць беларускую незалежнасьць, сьцерці яе сутнасьць, яе герояў і яе дзень нараджэньня.

Але ж не сьціраецца. Такое ў прынцыпе не сьціраецца ніколі. Пакуль мы ёсьць беларускі народ са сваім галоўным здабыткам.

Пра майдан не гавораць людзі, а калі й гавораць, дык толькі ў тым сэнсе, каб яго не было, каб не было гвалту, страляніны на вуліцах і ўсяго гэтага страху. На словах і Лукашэнка нібыта супраць майдану. Але асабліва апошнім часам словы Лукашэнкі супрацьлеглыя ягоным справам. І ў дзень нашага сьвята, куды мы прыйшлі са сьцягамі і кветкамі, ён выйшаў з усёй сваёй паліцэйскай сілай — разганяць майдан.

Нам здаецца, што гэта абсалютна неадэкватная рэакцыя на мірнае сьвята, што прэзыдэнт звар’яцеў. Магчыма і так. А магчыма, ён проста рыхтуе нас усіх, правакуе на тое, каб вясельле пачало актыўна бараніцца ад бандытаў, прыдумляе ўсякія страшылкі пра арматуру і кактэйлі молатава, каб зрабіць з нас байцоў супраць сябе, каб выклікаць на бойку, каб усё пайшло паводле ўкраінскага сцэнару і каб улада магла нарэшце адкрыць па нас агонь.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG