Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальлю Папкову будуць судзіць за «Марш недармаедаў» у Берасьці


Натальля Папкова

Ленінскі суд Берасьця перанёс разгляд справы Натальлі Папковай на 24 сакавіка, бо яна заявіла хадайніцтва аб неабходнасьці заключэньня дамовы з адвакатам.

Адну зь лідэраў берасьцейскіх пратэстаў Натальлю Папкову затрымалі 22 сакавіка на вакзале ў Берасьці, калі яна мелася зьяжджаць у Менск для ўдзелу ў акцыі 25 сакавіка. Натальлю зьвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай масавай акцыі — «Маршы недармаедаў», які адбыўся 5 сакавіка ў Берасьці.

Судовае паседжаньне пачалося ўчора ўвечары, аднак яго давялося перанесьці, бо актывістка заявіла хадайніцтва, што ёй трэба час, каб заключыць дамову з адвакатам.

Разгляд справы Натальлі Папковай адбудзецца 24 сакавіка ў 11.30 у Ленінскім судзе Берасьця. Да суду яе вызвалілі з-пад варты.

Як сказаў Свабодзе берасьцейскі праваабаронца Ўладзімер Вялічкін, ён ня мае сумневу, што Натальлі прысудзяць суткі:

«Канстытуцыя гарантуе яе права на ўдзел у мірных сходах, яна і ўдзельнічала. Яна мае права выказваць свае думкі. За што ж тут караць? Гэта ўсё робіцца менавіта для таго, каб запалохаць насельніцтва, каб пра сваю бяду не гаварылі ўголас».

Актывістка «Маладой Беларусі» Натальля Папкова — адна зь лідэраў пратэстаў «недармаедаў» у Берасьці.

3 сакавіка, перад трэцім «Маршам недармаедаў» у Берасьці (прызначаным на 5 сакавіка), яе затрымалі і зьмясьцілі ў псыхіятрычную лякарню, быццам бы пасьля скаргі суседзяў, што яна хоча скончыць жыцьцё самагубствам.

Пасьля вызваленьня ў інтэрвію Свабодзе Натальля сказала, што думак пра самагубства ў яе не ўзьнікала.

XS
SM
MD
LG