Двое пінчукоў трапілі на суткі за «Марш недармаедаў»
24 сакавіка праваабаронцы даведаліся, што напярэдадні ў Пінску былі пакараныя арыштамі удзельнікі пінскага «Марша недармаедаў» Ігар Шэршун (15 сутак) і Людміла Надзеявец (5 сутак). Пра гэта паведаміў праваабарончы сайт «Берасьцейская вясна» «Марш недармаедаў» у Пінску адбыўся 11 сакавіка.
Юрыст Свабоднага прафсаюзу Беларускага Мікалай Шарах паведаміў на свай старонцы ў фэйсбуку, што ў офісе арганізацыі ў Полацку праходзіць ператрус.
Пазьней ён таксама паведаміў, што прафсаюзнага актывіста Віктара Стукава даставілі ў міліцыю і вінавацяць у брыдкаслоўі.
Увечары 24 сакавіка ў Слуцку людзі ў цывільным затрымалі каардынатара Руху “За свабоду” па Менскай вобласьці Віталя Амяльковіча, паведамляе праваабарончы цэнтар "Вясна", спасылаючыся на інтэрнэт-газету “Салідарнасьць”, якой паведаміла відавочца затрыманьня:
- Мы выпадкова сустрэліся ў краме «Белмаркет». Віталь мне сказаў, што за ім сочаць. Я адказала: у цябе параноя! А праз некалькі хвілінаў яго ўзялі на выхадзе з крамы. Да яго падышлі двое мужчын у цывільным, паказалі пасьведчаньні, сказалі, што затрымліваюць па падазрэньні ў зьдзяйсьненьні злачынства. Узялі пад рукі і павезьлі на нейкім чорным аўтамабілі. Паводле яе словаў, Віталь Амяльковіч 25 сакавіка зьбіраўся ехаць у Менск на Дзень Волі. Дома ў Віталя Амяльковіча праводзяць вобшук
Супрацоўнікі міліцыі 24 сакавіка затрымалі магілёўскага грамадзкага актывіста Аляксандра Страха, паведамляе БелаПАН. Пра тое, што ў кватэру Страха ў абласным цэнтры ўварваліся міліцыянты, у сацыяльнай сетцы "Фэйсбук" у 19.20 паведаміў іншы грамадзкі актывіст Аляксандр Шаўцоў. Паводле яго, спачатку хтосьці настойліва званіў у дзьвярны званок, затым на хатні тэлефон, а потым у кватэры Страха была адключаная электрычнасьць.
Страх актыўна выступаў на "Маршы недармаедаў, які прайшоў 15 сакавіка ў Магілёве з удзелам ад 300 да 500 чалавек. Менавіта ён адкрыў мітынг, пачаўшы чытаць свае вершы.
Кіраўнік бабруйскага клюбу «Патрыёт» Мікалай Міхалькоў зноў затрыманы. Пра гэта стала вядома «Нашай Ніве». Міхалькоў — кіраўнік вайскова-спартовага клюбу «Патрыёт» на базе Цэнтру творчасьці дзяцей і моладзі ў Бабруйску. У мінулым ён кадравы афіцэр, які служыў у адной з паветрана-дэсантных брыгад спэцыяльнага прызначэньня. Яго сын, вайсковец Ян Міхалькоў, быў затрыманы 21 сакавіка па справе аб «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў». КДБ заявіў, што ўсяго па справе затрымана 26 чалавек. Міхалькова 23 сакавіка выклікалі ў КДБ у Бабруйску, а сёньня раніцай адпусцілі. Цяпер ён зноў затрыманы.
Дэпутатка Палаты Прадстаўнікоў Алена Анісім накіравала ліст Генэральнаму пракурору Аляксандру Канюку адносна Алеся Лагвінца, якога падчас затрыманьня моцна зьбівалі, у выніку чаго былі нанесеныя шматлікія пашкоджаньні, што запатрабавала неабходнасьць выкліку хуткай дапамогі непасрэдна ў будынак суду.
У сувязі з фактам неапраўданага прымяненьня фізычнай сілы, бо затрыманы не аказваў супраціўленьня, Алена Анісім просіць неадкладна пачаць пракурорскую праверку ў адносінах да дзеяньняў асобаў, якія праводзілі затрыманьне Алеся Лагвінца. На думку дэпутаткі, такія дзеяньні падлягаюць прыцягненьню ня проста да адміністрацыйнай, але крымінальнай адказнасьці.
Паведамляецца, што Ніну Багінскую адпусьцілі. Яна цяпер дома, пра гэта пішуць ў Фэйсбуку яе знаёмыя.
Сёньня 70-гадовая актывістка Ніна Багінская выйшла да менскага будынку КДБ з плякатам «Свабоду палітвязьням» і пералікам часткі затрыманых у сакавіку. Каля 14.55 яе забралі ў сіні мікрааўтобус з нумарамі 9428 ІК-7, зьвезьлі ў, як сказалі міліцыянты, у Цэнтральны РУУС.
Позва ў суд для Янукевіча
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч паведаміў, што атрымаў позву ў суд Заводзкага раёну Менску па аратыкуле за «паўторнае цягам году парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў».
«Ня ведаю, ці прысудзілі нешта завочна ці адклалі разгляд, — напісаў Аляксей Янукевіч, — але шанцы на тое, што заўтра сьвята адбудзецца безь мяне, крыху павялічваюцца».
Магілёў. У кватэру магілёўскага сябра партыі БНФ, пэнсіянэра Аляксандра Страха ўварвалася міліцыя. На тэлефанаваньні актывіст не адказвае.
Баранавічы. Затрыманы грамадзка-палітычны актывіст Аляксандар Швед.
Пра гэта паведаміў праваабаронца Сяргей Гоўша ў сваім фэйсбуку:
«Мне паведаміла знаёмая, што а 19-00 24 сакавіка зь яе машыны быў выцягнуты людзьмі ў цывільнай вопратцы баранавіцкі актывіст, інвалід 2-й групы Аляксандр Швед. Яго пасадзілі ў машыну „Лада“ з нумарамі 06-75 ІЕ і хутка зьехалі».
Бабруйск. Галіна Сьмірнова атрымала штраф 920 рублёў за перапост у «Аднаклясьніках» інфармацыі пра сацыяльны пратэст, заплянаваны на 26 сакавіка.
Затрыманьне на плошчы Якуба Коласа ў Менску
Міліцэйскі патруль спыніў, каб праверыць дакумэнты, Алену Дзяткоўскую, сястру Яўгена Дзяткоўскага, асуджанага на 15 сутак за ўдзел у «Маршы недармаедаў» 15 сакавіка ў Менску. Разам з Аленай Дзяткоўскай была яе спадарожніца (прозьвішча ўдакладняецца). Абедзьвюх дзяўчат затрымалі.
Актывіста «Моладзі БНФ» Адама Маркевіча затрымалі ў Лідзе і адвезьлі ў міліцэйскі пастарунак. Ён трансьляваў затрыманьне на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
Бабруйск. Уладзімер Лазараў прыйшоў у ГУУС па позьве, там яго затрымалі і адвезьлі ў ізалятар. Далі 12 сутак за ўдзел у акцыі "недармаедаў" у Бабруйску 12 сакавіка.
Гомельская гарадзкая пракуратура вынесла афіцыйнае папярэджаньне журналістам-фрылянсэрам Марыі Булавінскай і яе мужу Сяргею Ляпіну за супрацоўніцтва зь «Белсатам». Такое ж папярэджанне вынесена і журналістыцы-фрылянсэру Марыне Драбышэўскай.
Алеся Яўсеенку Савецкі суд Гомеля пакараў 3 суткамі арышту за нібыта хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі. Яго затрымаў АМАП, калі Алесь раніцай выпраўляўся на суд Толчына і Захаранкі.
Сустаршыню БХД Паўла Севярынца, які адбывае суткі арышту пад Воршай, будуць зноў судзіць 31 сакавіка ў Савецкім судзе Менску за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Пра гэта паведаміла маці палітыка. За што канкрэтна будуць судзіць Севярынца, невядома.
Гомельская гарадзкая пракуратура вынесла афіцыйнае папярэджаньне журналістцы-фрылансэру Марыне Драбышэўскай за супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат».