Лінкі ўнівэрсальнага доступу

48 праваабарончых арганізацый просяць Лукашэнку не чыніць перашкодаў падчас акцыі 25 сакавіка


На сайце праваабарончай арганізацыі «Libereco — Partnership for Human Rights» 23 сакавіка апублікаваны адкрыты ліст да Аляксандра Лукашэнкі, у якім 48 праваабарончых арганізацый асуджаюць хвалю затрыманьняў і перасьлед мірных дэманстрантаў, журналістаў, актывістаў грамадзянскай супольнасьці.

«Большасьць затрыманьняў і перасьледаў зьвязаныя з удзелам у мірных акцыях пратэсту з патрабаваньнем адмены дэкрэту прэзыдэнта № 3, так званага „закона аб сацыяльных утрыманцах“, які ўводзіць збор зь беспрацоўных у Беларусі. Дэкрэт № 3 абавязвае грамадзянаў працаваць пэўную колькасьць дзён або аплаціць дзяржаве спэцыяльны збор пад пагрозай арышту. Гэта супярэчыць арт. 41 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і парушае нормы міжнароднага права ў галіне правоў чалавека», — гаворыцца ў заяве.

Падпісанты нагадваюць, што па стане на 22 сакавіка 2017 году былі затрыманыя больш за 250 чалавек, калі лічыць з 3 сакавіка 2017 году, у тым ліку прынамсі 31 журналіст. Сама меней 110 чалавек былі прысуджаныя да 3–15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Праваабарончыя арганізацыі заклікаюць Лукашэнку гарантаваць пры любых абставінах фізычную недатыкальнасьць мірных дэманстрантаў 25 сакавіка, забясьпечыць права журналістаў выконваць свае прафэсійныя абавязкі, устрымацца ад прэвэнтыўных затрыманьняў і вызваліць усіх затрыманых у сувязі з вулічнымі пратэстамі.

Сярод падпісантаў — праваабарончыя арганізацыі з ЗША, Францыі, Швайцарыі, Нямеччыны, Бэльгіі, Малдовы, Украіны, Вялікай Брытаніі, Баўгарыі, Чэхіі, Расеі, Нарвэгіі і інш.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG