Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над удзельнікамі акцыі «недармаедаў» у Менску. Архіўнае фота, 17 сакавіка
Суд над удзельнікамі акцыі «недармаедаў» у Менску. Архіўнае фота, 17 сакавіка

Суды, затрыманьні, зьбіцьцё. Дзень 12. Жывы блог

У Беларусі другі тыдзень ідуць масавыя суды над удзельнікамі «Маршаў недармаедаў», ужо затрыманыя ці асуджаныя больш за 250 «недармаедаў». За ўчора-пазаўчора да 17 чалавек былі затрыманыя пасьля заявы Лукашэнкі пра «лягеры баевікоў».

Іван Кавальчук — новы затрыманы

Брат Івана Аляксей Кавальчук паведаміў Свабодзе, што Івана затрымалі на падыходзе да інтэрната БНТУ каля станцыі мэтро «Пятроўшчына». У інтэрнацкім пакоі зрабілі ператрус «людзі ў цывільным». Знайшлі чырвона-чорны сьцяг, берцы, каску, літаратуру пра зброю. Іван Кавальчук мае як хобі дыгерства, удзельнічае ў рыцарскім клюбе.

Маладэчна. Затрыманы Павал Сяргей (актывіст «Пошуга»), ягоны брат Валеры Сяргей і жонка брата Кацярына Сяргей.

Павал Сяргей хаваўся ад перасьледу ў братавай кватэры. У сцэнары затрыманьня былі выкарыстаны аўтамабілі МНС, людзі ў цывільным і міліцыянты.

Пратакол адносна Аляксандра Процкі суд у Гомелі накіраваў на дапрацоўку, яго вінавацілі ў распаўсюдзе ўлётак да 25 сакавіка.

Журналіста-фрылансэра Яўгена Меркіса судзьдзя Віталь Каўбеня пакараў штрафам у 30 базавых (690 рублёў).

Яго абвінавацілі ў працы без акрэдытацыі і ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ для замежнага тэлеканалу «Белсат».

Меркіс адмовіўся даваць тлумачэньні, бо даваў іх у міліцыі. Судзьдзя не дапусьціў да удзелу ў працэсе прадстаўніка Меркіса Леаніда Судаленку.

Яўген Меркіс падчас працы, архіўнае фота
Яўген Меркіс падчас працы, архіўнае фота

Павал Юхневіч паведаміў у фэйсбуку пра сваё затрыманьне.

Павал Юхневіч з дачкой на Дні Волі — 2015
Павал Юхневіч з дачкой на Дні Волі — 2015

Бабруйск. Затрыманага раней Уладзімера Лазарава выпусьцілі. Галіну Сьмірнову выпусьцілі з ізалятара з рэчамі да суду 24 сакавіка. Але потым яе прывезьлі на размову ў пракуратуру і туды ж выклікалі праваабаронцу Алега Жалнова.

Бабруйск. З затрыманымі на ганку Бабруйскага суду актывістамі ў пракуратуры правялі індывідуальную размову, папярэдзіўшы кожнага аб тым, што вядома, што яны займаюцца падрыхтоўкай мітынгу 26 сакавіка. Размаўляў з кожным асабіста намесьнік пракурора. Затрыманы з сабакам журналіст Віктар Качан пайшоў скардзіцца на затрыманьні журналістаў — і іх адпусьцілі без размоваў.

Пра перанос суду над Галінай Сьмірновай сказаў актывістам толькі падпалкоўнік Рудзько. Але ў ізалятары перадачу для яе не прымаюць, кажуць «пачакайце, пакуль нічога невядома».

Суд Маладэчанскага раёну прызнаў рэдактарку сайту Kraj.by Сьвятлану Цішко вінаватай у парушэньні парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў. Журналістку пакаралі штрафам у 20 базавых велічыняў(460 рублёў) за артыкул пра акцыю «недармаедаў», якім яна нібыта заклікала людзей да ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі.

Лагвінца павезьлі ў лякарню

У судзе Маскоўскага раёну пачалі разглядаць адміністрацыйную справу, пачатую супраць Алеся Лагвінца па артыкуле 17.1 (дробнае хуліганства).

У суд выклікалі хуткую для Алеся Лагвінца і абвясьцілі перапынак. Пазьней стала вядома, што яго павезьлі ў 9-ю лякарню.

Паводле актывісткі Аліны Нагорнай, Лагвінца білі пры затрыманьні.

Алеся Лагвінца затрымалі з 22-гадовым сынам Антосем, калі яны выходзілі з кватэры на вуліцы Касманаўтаў.

Паводле непацьверджанай інфармацыі, затрыманы Ўладзь Яроменак.

Алу Раманчык судзьдзя Віталь Каўбеня аштрафаваў на 15 базавых (345 рублёў)

Бабруйск. Суд над Галінай Сьмірновай перанесьлі на 25 сакавіка. Да наступнага судовага паседжаньня яе будуць трымаць у СІЗА. Журналістаў і актывістаў, затрыманых у дворыку суду ў Бабруйску, адпусьцілі, апроч Уладзімера Лазарава — яго павезьлі ў ГУУС. Таісію Кабанчук дагэтуль трымаюць на допыце.

Натальлю Шчыліну судзьдзя Аляксандар Мохараў пакараў штрафам у 10 базавых (230 рублёў) за ўдзел у акцыі пратэсту ў Рагачове.

Затрыманы намесьнік старшыні АГП Мікалай Казлоў

Пра гэта паведаміў актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Дзяніс Красачка.

«Я ехаў у офіс паразмаўляць зь Мікалаем. Мэтро да Маскоўскай было перакрыта. Вырашыў патэлефанаваць, што спазьняюся. Мікалай кажа, што яго затрымалі», — сказаў Дзяніс Красачка.

Падрабязнасьці затрыманьня высьвятляюцца. Тэлефон Казлова ўжо недаступны.

Мікалай Казлоў прадстаўляе АГП у аргкамітэце сьвяткаваньня Дня Волі.

Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў

Савецкі суд Гомля арыштаваў Анатоля Паплаўнага на 5 сутак за ўдзел у акцыі пратэсту ў Рагачове. Паплаўнага прывезьлі з ізалятару, дз ён адбывае 10 сутак арышту за ўдзел у "маршы недармаедаў" у Гомелі.

Максіма Філіповіча арыштавалі яшчэ на пяць сутак

Савецкі суд Гомля арыштаваў блогера Максіма Філіповіча яшчэ на пяць сутак.

Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў мірнай акцыі пратэсту ў Берасьці.

Максім Філіповіч ужо адбывае 14-суткавы арышт за ўдзел у акцыі пратэсту супраць «дармаедзкага» дэкрэту № 3 у Пінску.

Справу блогера разглядаў судзьдзя Аляксандар Мохараў. У залі прысутнічалі жонка і маці Філіповіча.

Судзьдзя зачытаў пратакол, на што Філіповіч адказаў: «Гэта страшная мана і паклёп. Ніякіх лёзунгаў я не выкрыкваў і ў галаве калёны не ішоў. Я здымаў тое, што адбывалася на вуліцах Берасьця».

Таксама Філіповіч сказаў, што спыніў галадоўку 18 сакавіка.

Цяпер затрымліваюць і сабак

Журналістаў і актывістаў, якія сядзелі на ганку суду ў Бабруйску ў чаканьні прысудаў Галіне Сьмірновай, забралі ў пракуратуру «для правядзеньня размовы». У ліку затрыманых журналіст «Бабруйскага кур’еру» Віктар Качан, яго забралі разам з сабакам.

Сёньня будуць судзіць Максіма Філіповіча за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту ў Берасьці. Максім Філіповіч адбывае 14-сутачны арышт за ўдзел акцыі пратэсту супраць «дармаедзкага» дэкрэту № 3 у Пінску. Блогер трымае галадоўку за кратамі 10-ы дзень.

У Горадні «недармаедаў» караюць штрафамі і «суткамі»

Пакараньні ў Ленінскім судзе Горадні прысуджаныя такія: юеспрацоўны Віталь Дзюк — 15 базавых (345 рублёў), сацыяльная працаўніца Валянціна Навумава і вайсковы пэнсіянэр Ёсіф Карчэўскі — столькі ж (Навумавай 13 базавых за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемстве і 2 базавых за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі), пэнсіянэр з прафсаюзу РЭП Васіль Корабаў — 7 базавых велічынь (161 рубель).

Але праваабаронца Эдвард Дмухоўскі атрымаў ня штраф, а адміністрацыйны арышт на 15 сутак.

Затрыманы абаронца Курапатаў Раман Васільеў

Жонка затрыманага Кася Васільева паведамляе, што яго з дому забіраюць «людзі ў цывільным», прад’явілі ордэр на ператрус. Паводле яе, яго абвінавачваюць у «навучаньне ці падрыхтоўку асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках». Яна мяркуе, што хоць Раман ня быў у «Белым легіёне“, гэта зьвязана з заявамі Лукашэнкі пра «лягеры баевікоў», а таксама з затрыманьнямі Дашкевіча і Пальчэўскага.

«Цяпер ня ведаю, што адбываецца, бо я з малой дачкой ня дома, буду толькі позна вечарам, а дома ператрус, напэўна, яшчэ ня скончыўся, — кажа Васільева. — Улічваючы апошнія падзеі, я яшчэ хвалююся за сабаку і котку».

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG