Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні чарговыя суды за марш недармаедаў


«Марш недармаедаў» у Горадні 15 сакавіка

Эдварда Дмухоўскага, Віталя Дзюка, Васіля Корабава, Валянціну Навумаву вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Суд прызначаны на чацьвер, 23 сакавіка а 10-й гадзіне.

Суды адбудуцца над удзельнікамі ўжо другога «Маршу недармаедаў», які адбыўся ў Горадні 15 сакавіка. Васіль Корабаў, сябра прафсаюзу РЭП, сказаў Свабодзе, што ён нават ня бачыў пратакол, а міліцыянты папросту вылавілі яго на вуліцы і ўручылі позву ў суд.

— Пасьля акцыі да мяне тэлефанавалі зь міліцыі, казалі, каб прыйшоў, але нічога адносна таго, што будуць складаць пратакол. Я ім параіў прыслаць позву. А цяпер яны мяне папросту вылавілі і ўсунулі ўжо позву ў суд. Сказалі, што пратакол перададзены ў суд, маўляў, вы самі не пагадзіліся да нас прыйсьці.

На Валянціну Навумаву склалі два пратаколы: за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і за непадпарадкаваньне міліцыі. Пасьля акцыі яна ішла па вуліцы з плякатам, які трымала падчас акцыі. Міліцыянты хацелі забраць яе ў пастарунак.

— Я стала крычаць і клікаць на дапамогу, зьбегліся людзі з тралейбуснага прыпынку і адбілі мяне ад міліцыянтаў. Тыя паехалі, але мае дадзеныя ўстанавілі і цяпер склалі два пратаколы.

Да Мікалая Саляніка ў шпіталь, паводле ягоных словаў, прыходзілі падпалкоўнік і маёр і спрабавалі ўручыць яму пратакол, каб ён азнаёміўся і падпісаў.

— Я ім сказаў, што пакуль ляжу ў шпіталі, гаварыць зь імі ня буду. Спрачацца яны ня сталі і пайшлі.

Мікалай Салянік пасьля акцыі 15 сакавіка трапіў у шпіталь з запаленьнем лёгкіх. Ён быў асуджаны за першы «Марш недармаедаў» на 8 базавых велічынь.

Вядома, што пратакол складзены і на Антона Войцехава, але ягоны тэлефон недасягальны і пакуль невядома, ці атрымаў ён позву ў суд. За ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 15 сакавіка адразу на другі дзень на 13 сутак арышту асуджаны Аляксандар Лаўрэнцьеў. Ён ужо адбывае пакараньне.

XS
SM
MD
LG