Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СБУ патрабуе ад беларускіх калег дакладнай інфармацыі пра «лягеры баевікоў» ва Ўкраіне


Служба бясьпекі Ўкраіны зьвярнулася да беларускіх калег з запытам пра дакладную інфармацыю, якая б пацьвярджала наяўнасьць на тэрыторыі Ўкраіны «лягераў па падрыхтоўцы баевікоў для арганізацыі правакацый у Беларусі», як напярэдадні заявіў Аляксандар Лукашэнка.

«Нашы спэцслужбы накіравалі адпаведны запыт па нашых наяўных каналах кантактаў з праваахоўнымі і спэцыяльнымі органамі Рэспублікі Беларусь, і мы чакаем дадатковай інфармацыі ад нашых калег. Пакуль што такой дадатковай, дэталёвай інфармацыі, апроч той, што была агучаная прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь, у нас няма», — сказаў сёньня на брыфінгу ў Кіеве кіраўнік апарату старшыні Службы бясьпекі Ўкраіны Аляксандар Ткачук.

Прадстаўнік СБУ падкрэсьліў, што спэцыльныя службы Ўкраіны «вельмі сур’ёзна паставіліся да той інфармацыі, што агучыў прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь».

З украінскага боку ніякага перасячэньня ніякімі транспартнымі сродкамі не адбылося.

Апроч таго, Аляксандар Ткачук заявіў, што інфармацыя, распаўсюджаная беларускімі памежнікамі пра нібыта прарыў аўтамабілем дзяржаўнай мяжы Беларусі, таксама не пацьвярджаецца. «Паводле апэратыўных дадзеных, гаворка ідзе пра транспартны сродак, які знаходзіўся ў „шэрай зоне“. Але з украінскага боку — і нашыя памежнікі гэта вельмі старанна праверылі — ніякага перасячэньня ніякімі транспартнымі сродкамі не адбылося», — дадаў кіраўнік апарату старшыні Службы бясьпекі Ўкраіны.

21 сакавіка ў часе размовы ў Магілёве з супрацоўнікамі кампаніі «Кронаспан» Лукашэнка, у прыватнасьці, сказаў: «Мы ўжо некалькі дзясяткаў затрымалі (ня тых, што ў аўтобусах, анархістаў з маскамі), якія трэнаваліся ў лягерах з зброяй. Дарэчы, адзін з лягераў быў у раёне Бабруйску і Асіповічаў. Астатнія лягеры — ва Ўкраіне, па-мойму, у Літве ці ў Польшчы (ня буду сьцьвярджаць, але недзе там)».

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі 20 сакавіка паведаміў пра спробу «прарыву» празь дзяржаўную мяжу Беларусі ў раёне прапускнога пункту «Аляксандраўка» з ужываньнем табэльнай зброі.

Інцыдэнт адбыўся у 01.45 ночы 20 сакавіка, калі з украінскага боку праз Аляксандраўку спрабаваў прарвацца аўтамабіль маркі «Джып». Машына зьбіла шлягбаўм і праехала праз «сродак прымусовага спыненьня». Машыну спынілі праз 3 км — у раёне Габрылееўкі, затрымалі дзьвюх асоб, а яшчэ аднаго грамадзяніна, які мог знаходзіцца ў машыне, шукаюць.

У аўтамабілі, сьцьвярджаюць беларускія памежнікі, знойдзены пісталет ТТ, два зараджаныя магазіны, а таксама «прадмет, вонкава падобны да тратылу з электрадэтанатарам».

Дарадца старшыні Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Алег Слабадзян 21 сакавіка паведаміў, што ў выніку кансультацый беларускі бок прызнаў парушэньне асобных пунктаў Пляну ўзаемадзеяньня памежных службаў краін, а таксама адсутнасьць падстаў казаць пра прыезд аўтамабіля з украінскага пункту пропуску.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG