Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Яўдаха абвінавачаны ў «падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў беспарадках», — Сьцебурака


Алесь Яўдаха, архіўнае фота

Затрыманы ўчора Алесь Яўдаха абвінавачаны ў «навучаньні або падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках» (ч. 3 арт. 293 КК), паведамляе ягоны сябар Усевалад Сьцебурака.

Ён зьвязвае затрыманьне Яўдахі з затрыманьнем Міраслава Лазоўскага, а іх разам — з заявамі Лукашэнкі пра «лягеры баевікоў у Беларусі». Сьцебурака кажа пра гэта як пра трывожны факт, бо «гэта не звычайныя сутачныя штукі»:

«Мая думка такая: усё робіцца па той жа лінейцы, што і зь Міраславам Лазоўскім. Я так бачу, што Міраслаў зьнік раней на пару гадзінаў, каля шостай-сёмай, а праз пару-тройку гадзінаў — Алесь.

Чаму так, можна сотні меркаваньняў выказваць. Міраслаў займаўся кнігамі праз „Кнігазбор“, а Алесь — праз knihi.by. Яны супрацоўнічалі. Між сабой яны кантактавалі шчыльна проста таму, што Алесь займаўся распаўсюдам кніг, і Міраслаў апошнімі гадамі займаўся кнігамі. Гэта не прыкрыцьцё — магчыма, яны проста былі адзін у аднаго ў хуткім наборы. Узялі аднаго, паглядзелі па кантактах, пабачылі, што яшчэ і такі падыходзіць.

Магчыма, Алесь быў у суполках „старой гвардыі“ фанатаў „Дынама“. Магчыма, нейкая зачыстка ідзе па лініі арганізаваных групаў, якія маглі некуды выяжджаць. Ён жа калісьці меў непрыемнасьці hпраз „маладафронтаўскія“ кнігі.

Абяцаў нам наш дарагі прад’явіць баевікоў зь лягераў у Асіповічах-Бабруйску і з-за мяжы... Вось той факт, што Алесь выяжджаў кудысьці ва Ўкраіну ці далей, меў стасункі зь „небясьпечнымі“ на думку дзяржавы, таварышамі, мог мець ролю».

Бацька Алеся Анатоль Мікалаевіч пацьвердзіў, што ўначы быў ператрус. Калі ён вярнуўся зь Ленінскага РУУСа, прыйшлі людзі ў цывільным, прадставіліся супрацоўнікамі КДБ. Забралі нейкія кнігі, паперы. Сказалі, што сын затрыманы менавіта КДБ, зьмешчаны ў ізалятар. Удзень Анатоль Мікалаевіч паедзе туды, яму абяцалі патлумачыць больш падрабязна.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG