Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвешчаныя ляўрэаты прэміі «Дэбют»


Ляўрэатамі прэміі «Дэбют» 2017 года былі абвешчаныя Міхал Бараноўскі са зборнікам паэзіі «VOLUMEN 1», Андрусь Горват з кнігай прозы «Радзіва „Прудок». Дзёньнік» і Адэля Дубавец з перакладам з польскай мовы кнігі Вітальда Шаблоўскага «Танец мядзьведзяў». Яны атрымалі ад фонду «Вяртаньне» па 3900 беларускіх рублёў.

Астатнія фіналісты атрымалі заахвочвальныя прызы ў памеры 1000 беларускіх рублёў. У намінацыі «Паэзія» Аляксей Арцёмаў з кнігай «Скрозь кіламетры» і Ганна Комар з кнігай «Страх вышыні», у намінацыі «Проза» — Андрэй Дзічэнка з кнігай «Сонечны чалавек» і Уладзімір Садоўскі з кнігай «1813», у намінацыі «Пераклад» — Надзея Кім з перакладам кнігі Клайва Стэйплза Льюіса «Хронікі Нарніі: пляменьнік чараўніка» і Сюзанна Паўкштэла з перакладам кнігі Альвідаса Шляпікаса «Бог дажджу».

Летась прэмію атрымалі Анатоль Івашчанка (проза) і Сьвятлана Рогач (пераклад).

Літаратурная прэмія «Дэбют» імя Максіма Багдановіча заснаваная ў 2010 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам, Дабрачынным фондам «Вяртаньне» і Саюзам беларускіх пісьменьнікаў. Уручаецца за дэбютную кнігу аўтарам да 35 гадоў і даецца за творы ў жанрах, у якіх працаваў Максім Багдановіч: паэзія, проза, мастацкі пераклад.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG