Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскіх актывістаў шукаюць, «каб уручыць позвы»


Віцебск, ілюстрацыйнае фота

Актывісту Партыі БНФ Канстанціну Смолікаву прыйшла позва з выклікам на 15.00 у Сьледчы камітэт у якасьці сьведкі. Па якой справе спатрэбіліся сьведчаньні, у позьве да сьледчага, падпалкоўніка юстыцыі Івана Дземідовіча нічога не сказана.

Каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацяна Севярынец таксама паведаміла, што да яе ў кватэру спрабуюць трапіць міліцыянты зь Першамайскага РАУС — нібыта з тым, каб перадаць нейкую позву. Пра гэта расказалі відавочцы, сама спадарыня Тацяна цяпер ня дома.

Паводле Тацяны Севярынец, пошукі віцебскіх актывістаў могуць быць зьвязаныя з акцыяй, анансаванай раней у інтэрнэце:

Тацяна Севярынец
Тацяна Севярынец

«У Віцебску а 16-й гадзіне плянаваўся „Марш недармаедаў“ — так было напісана на некаторых сайтах. Магчыма, у пэўных структур ёсьць жаданьне, каб мы ня трапілі на чарговы „Марш недармаедаў“. Я, дарэчы, прапанавала іншы фармат дзейнасьці ў гэтым кірунку: каб на 15 сакавіка запісацца на прыём да кіраўніцтва вобласьці, занесьці подпісы супраць дэкрэту № 3. Можна было сабраць групу актывістаў і на прыём пайсьці разам. Але гэтую ідэю не падтрымалі. Ніякіх аб’яваў для жыхароў гораду пра тое, што недзе плянуецца акцыя, я таксама ня бачыла».

«Марш недармаедаў» 15 сакавіка быў анансаваны на пачатку сакавіка новастворанай «Радай дэмакратычных арганізацый і неабыякавых грамадзян Віцебску». Ён меўся стаць першай акцыяй, якую падрыхтуе гэтая структура.

«Мы пройдзем ад плошчы Перамогі да аблвыканкаму, дзе перададзім заяву памочніку Лукашэнкі пра адмену дэкрэту № 3», — абвясьціў тады ўдзельнік рады, актывіст руху «За свабоду» Леанід Гаравы.

Сёньня ён паведаміў, што заяўка на акцыю не падавалася. У сацыяльных сетках таксама не відаць запрашэньняў сабрацца ні на плошчы Перамогі, ні ў іншым месцы.

Заяўку на мітынг да Дня Канстытуцыі ў Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў падаваў толькі праваабаронца Леанід Сьвецік. Аднак атрымаў забарону ад адміністрацыі Чыгуначнага раёну.

XS
SM
MD
LG