Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ілюстрацыйнае фота. Каля суду ў Бабруйску, дзе разглядаліся справы затрыманых за ўдзел у «Маршы недармаедаў». 14 сакавіка 2017 году
Ілюстрацыйнае фота. Каля суду ў Бабруйску, дзе разглядаліся справы затрыманых за ўдзел у «Маршы недармаедаў». 14 сакавіка 2017 году

Судны дзень-3. Новыя суды над «недармаедамі», зноў да 15 сутак

15 сакавіка працягваюцца суды над удзельнікамі «Маршаў недармаедаў». Сама меней 5 чалавек павінны судзіць у Баранавічах, па адным — у Магілёве і Бабруйску. Магчыма, будуць паўторна судзіць Аляксандра Кабанава ў Бярозе.

Каго і як судзілі 14 сакавіка і 13 сакавіка:

Штрафы і арышты да 15 сутак. Міліцэйскае пасьляслоўе да «маршаў недармаедаў»

Судны дзень-2: да 15 сутак арышту. Працягваюцца суды над «недармаедамі»

16:37 15.3.2017

Баранавічы: Актывістаў затрымліваюць, штрафуюць і асуджаюць на суткі

16:32 15.3.2017

Ігара Барысава чакае пад домам міліцыя

Апошні з чатырох арганізатараў магілёўскага «Маршу недармаедаў», першы намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігар Барысаў заяўляе, што ён блякаваны ў кватэры. Паводле яго, пад ягоным домам стаіць мікрааўтобус з супрацоўнікамі АМАП. Адзін зь міліцыянтаў знаходзіцца ў падʼезьдзе. Актывіст спасылаецца на паведамленьні суседзяў пра «засаду», а таксама на словы жонкі, якая падыходзіла да мікрааўтобуса.

«Узялi у аблогу — каля падʼезда мiкрааутобус з АМАПам, адзiн з iх схавауся у падʼездзе. Вось, таварышы, на што iдуць нашыя грошы падаткаплацельшчыкау! Да мiтынга засталося 2 гадзiны. Што рабiць?» — напісаўён на Facebook.

Двое арганізатараў акцыі пратэсту супраць дэкрэту №3 Шанцаў і Аксёнаў асуджаныя на 15 сутак. Аляксандра Сілкова забралі на пастарунак на прафіляктычную гутарку.

Ігар Барысаў, архіўнае фота
Ігар Барысаў, архіўнае фота

16:21 15.3.2017

Аляксандар Кабанаў апынуўся сёньня ў судзе Бярозаўскага раёну, паседжаньне перанесьлі, цяпер на волі

Учора вечарам а палове на дзевятую міліцыянты наведаліся дадому да актывіста з мэтай дапытаць яго ў справе «маршу недармаедаў», што быў у Берасьці 5 сакавіка. А ўжо пасьля 21 гадзіны Аляксандра забралі ў РАУС, ноч ён правёў пад вартай.

Сёньня ж пасьля абеду над актывістам распачалося судовае паседжаньне.
Са словаў Кабанава, ён нават не азнаямляўся з пратаколам і не ведае, за што яго будуць судзіць гэтым разам. Актывіст паведаміў, што запатрабаваў адваката. Судзьдзя вынесла рашэньне аб пераносе паседжаньня на 12 гадзіну 21 сакавіка.
Цяпер Кабанаў на волі.

Гэты за апошні тыдзень другі суд над актывістам. Пазаўчора вечарам Кабанаў выйшаў на волю пасьля 5 дзён зьняволеньня за адміністрацыйнае правапарушэньне (хуліганства і брыдкаслоўе). Паводле актывіста падставаю для суда стала правакацыя.

Аляксандар Кабанаў
Аляксандар Кабанаў

15:47 15.3.2017

Журналістку Дыяну Серадзюк будуць судзіць за ўдзел у абароне Курапатаў

15:38 15.3.2017

Суд над Чарнавусамі за акцыю каля падатковай інспэкцыі, якая адбылася 6 лютага, перанесены на 14.30 20 сакавіка. Падчас суду малодшаму Чарнавусу стала кепска, яго забрала «хуткая дапамога».

Мікалая Чарнавуса старэйшага ад будынку суду ў Баранавічах зьвезьлі невядомыя ў цывільным.

15:19 15.3.2017

Лекары зафіксавалі ў Мікалая Чарнавуса малодшага нізкі ціск і забіраюць у лякарню з залі суда.

15:16 15.3.2017

У Баранавічах судзяць абодвух Мікалаяў Чарнавусаў за акцыю каля падаткавай інспэкцыі, якая адбылася 6 лютага.

У судзе абвешчаны перапынак, бо Чарнавусу малодшаму стала дрэнна і яму выклікалі хуткую. Сёньня яму ўжо прысудзілі адміністрацыйны арышт на 12 сутак за ўдзел у «Маршы недармаедаў».

15:11 15.3.2017

Аднаго з магілёўскіх заяўнікаў сёньняшняга «Маршу недармаедаў», сябра руху «За свабоду» Аляксандра Сілкова завезьлі ў пастарунак. Кажа, што чакае прафіляктычнай гутаркі.

14:54 15.3.2017

Актывіста АГП Уладзімера Няпомняшчых будуць судзіць у судзе Цэнтральнага раёну Гомеля. На яго былі складзеныя пратаколы за непадпарадкаваньне міліцыі і хуліганства.

Сам Няпомняшчых заяўляе, што невядомыя ў цывільным, кінуліся на яго, тры разы пырснулі з балёнчыка ў твар, павалілі, заламалі рукі і шыю, адабралі фотаапарат. Ён падазрае, што яго зьбіваў АМАП.

14:54 15.3.2017

Мікалай Чарнавус малодшы - 12 сутак арышту

Баранавіцкі актывіст АГП Мікалай Чарнавус малодшы асуджаны на 12 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі.

Жыхарам Баранавічаў Барысу Шырынгу і Міхаілу Стрэльчыку судзьдзя Аксана Копач прысудзіла па 345 рублёў штрафу (15 базавых велічыняў).

Яшчэ сёньня мае адбыцца суд над Мікалаем Чарнавусам старэйшым.

14:32 15.3.2017

Журналіста гарадзенскага сайта Hrodna.life Руслана Кулевіча выклікаюць у міліцыю на час правядзеньня ў Горадні «Маршу недармаедаў»

Паводле выданьня, у Ленінскім РАУС яго мусяць апытаць як сьведку па справе размаляванага моста ў Калоскім парку.

Несанкцыянаваная акцыя «Марш недармаедаў» ў Горадні мае пачацца а 18.00 у парку Жылібэра. За дзень да акцыі ў парку ўсталявалі дадатковыя камэры відэаназіраньня. Студэнтам перанесьлі заняткі на вечар і прасілі падпісаць паперу, што яны ня будуць удзельнічаць у недазволеных акцыях.

За некалькі гадзін да акцыі ў сацыяльных сетках зьяўляюцца паведамленьні пра блякаваньне Інтэрнэт і мабільнай сувязі ў раёне парку Жылібэра.

13:09 15.3.2017

У Баранавічах судзяць 5 актывістаў

У Баранавічах за ўдзел у «Маршы недармаедаў», які адбыўся 26 лютага, судзяць Мікалая Чарнавуса старэйшага (БНФ), Мікалая Чарнавуса малодшага (АГП), актывістаў Барыса Шырынгу, Міхаіла Стрэльчыка, Яўгена Жураўскага.

З гэтых пяці чалавек на суд зьявіліся толькі Мікалай Чарнавус малодшы і Барыс Шырынга. У часе паседжаньня праглядалі відэаматэрыялы з акцыі. Суд абвясьціў перапынак да 14.15.

12:37 15.3.2017

Галіна Сьмірнова даслала сэлфі з ізалятара

Кіраўніца суполкі прафсаюзу РЭП з Бабруйску Галіна Сьмірнова даслала Свабодзе сэлфі, зробленае ў ізалятары.

Актывістка была затрыманая за гадзіну да пачатку «Маршу недармаедаў» у Бабруйску 12 сакавіка. Яе восем гадзін трымалі ў пастарунку, пасьля выпусьцілі, выпісаўшы позву на працяг допыту 15 сакавіка. Але 13 сакавіка затрымалі зноў і зьмясьцілі ў ізалятар.

15 сакавіка Сьмірнову судзілі, штраф склаў 30 базавых велічыняў.

12:35 15.3.2017

Буйніцкаму — 15 сутак за суполку «ЎКантакце» і «пашкоджаньне фасадаў»

Затрыманаму ў Бабруйску апоўначы 11 сакавіка кінарэжысэру Максіму Буйніцкаму судзьдзя Алена Гормаш дала 15 сутак арышту. Яго назвалі арганізатарам «Маршу недармаедаў», што прайшоў на наступны дзень пасьля затрыманьня Буйніцкага.

Паводле рапарту падпалкоўніка Сяргея Рудзько, у суполцы «ЎКантакце» з абвесткай пра марш Буйніцкі быў пазначаны арганізатарам. Таксама Буйніцкага прызналі вінаватым у «пашкоджаньні фасадаў будынкаў» налепкамі з заклікам на марш.

Максім Буйніцкі, архіўнае фота
Максім Буйніцкі, архіўнае фота

12:26 15.3.2017

Перадачы толькі пасьля аплаты за суткі?

Жонка арыштаванага бабруйскага актывіста Яўгена Васьковіча паведаміла, што ў яе не прынялі перадачу, якую яна несла ў ізалятар мужу. Ёй паведамілі, нібы спачатку трэба аплаціць перабываньне мужа ў ізалятары — па 1 базавай велічыні за дзень, то значыць, 345 рублёў за 15 сутак.

Раней пра такія правілы не было вядома — зьняволеныя мелі права атрымліваць перадачы без папярэдняй аплаты.

Падпалкоўнік Сяргей Рудзько затрымлівае Яўгена Васьковіча 13 сакавіка
Падпалкоўнік Сяргей Рудзько затрымлівае Яўгена Васьковіча 13 сакавіка

12:14 15.3.2017

Сьмірновай — 30 базавых

Затрыманую 12 сакавіка за гадзіну да пачатку бабруйскага мітынгу кіраўніцу суполкі прафсаюзу РЭП Галіну Сьмірнову аштрафавалі на 30 базавых велічыняў за «арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства».

На працэсе згадваліся яе пасты ў сацыяльных сетках — на яе і іншых актывістаў рапарты піша падпалкоўнік Сяргей Рудзько, які сьцьвярджае, што знайшоў пасты з заклікамі «па сродках маніторынгу сеткі інтэрнэт у службовым кабінэце».

Галіна Сьмірнова, архіўнае фота
Галіна Сьмірнова, архіўнае фота

У канцы студзеня, неўзабаве пасьля сустрэчы Сьмірновай з дэпутатам Палаты Прадстаўнікоў Віталём Уласевічам, у яе канфіскавалі 1000 подпісаў супраць дэкрэту № 3. Днём пазьней лісты з подпісамі аддалі.

12:01 15.3.2017

Тым часам у цэнтры Менску, паводле зьвестак парталу Tut.by, былі заўважаныя прынамсі пяць адмысловых машынаў для разгону дэманстрацыяў. На іх усталяваныя вадамёты і прыстасаваньні для расчысткі барыкадаў.

11:11 15.3.2017

АМАП у Гомелі напаў на актывіста АГП Уладзімера Няпомняшчых

Раніцай 15 сакавіка Ўладзімера Няпомняшчых забралі з падворку, пырснулі ў вочы сьлезацечным газам, павалілі на зямлю і моцна пабілі. Цяпер яго даставілі ў Чыгуначны РАУС Гомелю. Актывіст кіраваўся ў Менск.

Як паведаміў Свабодзе Няпомняшчых, а 6.10 ён выйшаў з дому, каб паехаць у Менск на дазволеную акцыю «Марш недармаедаў». Каля пад’езду яго чакалі невядомыя ў цывільным, кінуліся на яго, тры разы пырснулі з балёнчыка ў твар, павалілі, заламалі рукі і шыю, адабралі фотаапарат.

Потым Няпомняшчых даставілі ў Цэнтральны РАУС гораду Гомелю, дзе на актывіста склалі пратаколы аб хуліганстве і непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі:

«Я расцэньваю гэта як гвалт і рабаваньне. Фотаапарат потым вярнулі, але відаць зь ім добра папрацавалі. Буду патрабаваць завесьці крымінальную справу за напад і рабаваньне», — заявіў Свабодзе Ўладзімер Няпомняшчых.

Уладзімер Няпомняшчых — грамадзкі актывіст, сябра АГП, былы афіцэр міліцыі.

Уладзімер Няпомняшчых, архіўнае фота
Уладзімер Няпомняшчых, архіўнае фота

11:08 15.3.2017

Актывіста Грышанава з Воршы вызвалілі

Тэлефоны актывіста на момант публікацыі не адказваюць, але дакладна вядома, што дахаты ён ужо дабраўся. Грышанаў нічога не пасьпеў патлумачыць сябрам, бо зьехаў ад ізалятару на машыне разам са сьледчым Сяргеем Трашчанком.

Сьледчы праводзіць праверку дзейнасьці каапэратыву па газыфікацыі з вёсцы Стаўры, старшынём якога да нядаўняга часу быў Грышанаў. Ці распачатая крымінальная справа супраць Грышанава з гэтай нагоды, пакуль невядома.

Ігар Грышанаў, архіўнае фота
Ігар Грышанаў, архіўнае фота

10:54 15.3.2017

На блогера Філіповіча, які знаходзіцца ў турме, склалі яшчэ адзін пратакол — за акцыю ў Берасьці

Максім Філіповіч (архіўнае фота)
Максім Філіповіч (архіўнае фота)

На гомельскага блогера Максіма Філіповіча складзены яшчэ адзін пратакол. На гэты раз — за ўдзел у акцыі «Марш недармаедаў» у Берасьці 5 сакавіка.

Пра гэта Філіповіч змог паведаміць сваёй маці праз тэлефон. Блогер знаходзіцца ў турме, 13 сакавіка ён быў асуджаны на 13 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыі пратэсту супраць дэкрэту № 3, якая адбылася ў Гомелі 19 лютага.

Паводле словаў Філіповіча, «яго хочуць трымаць у турме як мага даўжэй».

Паводле зьвестак каардынатара прафсаюзу РЭП Андрэя Стрыжака, другі суд над Філіповічам мае прайсьці сёньня. Справу будзе разглядаць суд Савецкага раёну Гомеля.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG