Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Марш недармаедаў» у Маладэчне: «Не — дэкрэту № 3», «Лукашэнка, сыходзь!», «Баста!», «Жыве Беларусь!»

абноўлена

У Маладэчне адбылася акцыя пратэсту супраць дэкрэту № 3 аб «дармаедах». У мітынгу на Цэнтральнай плошчы і шэсьці да будынку падатковай інспэкцыі прынялі ўдзел да 1000 чалавек.

Запіс жывой трансьляцыі з маршу

«Марш недармаедаў» у Маладэчне не абышоўся без затрыманьняў

10 сакавіка каля тысячы чалавек узялі ўдзел у «Маршы недармаедаў» у Маладэчне. Удзельнікі акцыі прынялі рэзалюцыю і прайшліся да будынку мясцовай падатковай інспэкцыі.

Міліцыя не перашкаджала праводзіць марш, аднак пасьля яго былі жорстка затрыманыя людзьмі ў цывільным лідэр Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, а таксама Сяргей Каралевіч, журналіст БелаПАН.

Акцыя пачалася на цэнтральнай плошчы, дзе выступілі Анатоль Лябедзька, Юрась Губарэвіч, Віталь Рымашэўскі і іншыя ўдзельнікі маршу.

Пасьля выступаў прынялі рэзалюцыю з шэрагам патрабаваньняў. Галоўныя зь іх — адмена дэкрэту № 3, зьмена эканамічнага курсу і правядзеньне справядлівых выбараў. У рэзалюцыі таксама адзначаецца, што калі ўлады ня выканаюць гэтыя патрабаваньні, то людзі выступяць за адстаўку Аляксандра Лукашэнкі і ягонага ўраду.

Да ўдзельнікаў акцыі выйшаў кіраўнік мясцовай вэртыкалі, які сказаў, што акцыя незаконная, і запрасіў прадстаўнікоў пратэстоўцаў да сябе ў райвыканкам, дзе іх прымуць дэпутаты і работнікі выканкаму. Людзі пайсьці адмовіліся і скандавалі «Ганьба!». Яны папрасілі чыноўніка выключыць на плошчы радыётрансьляцыю, якая перашкаджае выступоўцам.

Затым удзельнікі акцыі прайшлі да будынку падатковай інспэкцыі і прымацавалі тэкст рэзалюцыі мітынгу да дзьвярэй.

Падчас акцыі гучалі традыцыйныя для такіх маршаў лёзунгі: «Не — дэкрэту № 3», «Лукашэнка, сыходзь!», «Баста!», «Жыве Беларусь!». Адзін з удзельнікаў акцыі трымаў плякат «Галоўны дармаед — у Драздах».

Затрыманыя таксама мясцовыя ўдзельнікі акцыі. 21-гадовы беспрацоўны Ільля Бондар, якога выпусьцілі з пастарунку пасьля складаньня пратаколу, сказаў, што яго затрымалі разам з двума сябрамі. Іх міліцыянты выхапілі з таксоўкі, нацягнулі шапкі на галаву, пабілі і прывезьлі ў пастарунак. Паводле Бондара, затрыманыя яшчэ пяцёра мясцовых удзельнікаў акцыі, сярод якіх Алесь Абрамовіч.

17:33 10.3.2017

Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі ў відэазвароце да жыхароў Маладэчна выказаў спадзеў, што людзей на акцыю зьбярэцца ня менш, чым у іншых гарадах Беларусі. Палітык адзначыў, што «справа не ў адмене ці прыняцьці дэкрэту № 3, а ў беларускай сыстэме, якую трэба мяняць цалкам».

Маршы недармаедаў прайшлі раней у Менску, Віцебску, Гомелі, Берасьці і іншых гарадах Беларусі. Удзельнікі акцыяў патрабуюць адмены дэкрэту № 3 «Аб сацыяльным утрыманстве».

9 сакавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што дэкрэт адмяняць ня будуць, але цягам году даручана не спаганяць адпаведны збор. Таксама ў дэкрэт плянуецца ўнесьці новыя зьмены.

18:06 10.3.2017

На плошчы сабралася каля 200 чалавек. Удзельнікі зьбіраюць подпісы супраць дэкрэту № 3.

«Гэта бесчалавечны дэкрэт, каб беспрацоўнага прымушалі плаціць гэты збор», — кажа адзін з гараджанаў.

Да пратэстоўцаў прыйшоў міліцыянт. Яго на відэа здымае старшыня АГП Анатоль Лябедзька. Тут таксама старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, адзін зь лідэраў БХД Віталь Рымашэўскі. На плошчы ўключаны дынамікі, якія перашакаджаюць выступоўцам.

Актывіст Аляксандар Абрамовіч пачаў акцыю, выступае за адмену дэкрэту № 3.

На плошчы бел-чырвона-белыя сьцягі. «Галоўны дармаед у Драздах» — такі плякат трымае адзін з пратэстоўцаў.

18:12 10.3.2017

18:20 10.3.2017

Выступае Анатоль Лябедзька. «Будучыня дэкрэту вырашаецца ня ў Менску, а ў Маладэчна. Лукашэнка кінуў нам костку. Але замарожаны дэкрэт — не адменены. Мы мусім браць адказансьць за краіну. Заўтра эстафету возьме Пінск, потым Бабруйск, Рагачоў і Ворша. Трэба прагласаваць за рэзалюцыю. Вызначыць людзей, якія прыедуць 16 сакавіка ў Менск і мы перададзім уладам рэзалюцыі,прынятыя на маршах недарамедаў. Першае патрабаваньне — адмяніць дэкрэт № 3. Мы патрабуем, каб людзям, якія заплацілі збор, вярнулі грошы, каб улады зьмянілі эканамічны курс. Калі ўлада не выканае патрабаваньні — будзе «Марш недармаедаў-2».

Выступае Юрась Губарэвіч. Пытаецца, ці ёсьць на плошчы мэр гораду, ці чыноўнікі. Просіць падняць руку. Ніхто не падняў руку. Скандуюць: «Юхнавец, выходзь да народу!». «Дармаеды — гэта самыя галоўныя чыноўнікі. Яны сядзяць на шыі беларускага народу. Жыве Бедарусь!»

Выступае Віталь Рымашэўскі. Згадвае пра былога мэра Маладэчна Генадзя Карпенку. Скандуюць: «Генадзю Карпенку слава!»

18:22 10.3.2017

Выйшаў старшыня райвыканкаму, запрасіў прадстаўнікоў пратэстоўцаў у кабінэт. Людзі папрасілі выключыць радыётрансьляцыю на плошчы, скандуюць «Ганьба!»

18:23 10.3.2017

Колькасьць удзельнікаў акцыі павялічылася да 500 чалавек.

18:29 10.3.2017

Адзін з удзельнікаў скандуе: «Лукашэнка, сыходзь, не дэкрэту № 3».
Выступаюць удзельнікі акцыі: «Жыхары Маладэчна хочуць працы і прыстойнага жыцьця!»

18:40 10.3.2017

Лябедзька чытае тэкст рэзалюцыі ўдзельнікаў акцыі. «Патрабуем адмяніць дэкрэт № 3, прыняць новы эканамічны курс, ліквідаваць заганы пэнсійнай сыстэмы, адмяніць кантрактную сыстэму, унесьці зьмены ў Выбарчы кодэкс». Ён заклікае прайсьці ў бок падатковай інспэкцыі і там завяршыць марш.

18:42 10.3.2017

Людзі пайшлі па галоўнай пешаходнай вуліцы Маладэчна.

18:43 10.3.2017

Лябедзька: «Упершыню за многія гады людзі так вольна ідуць па вуліцы свайго гораду».

18:45 10.3.2017

Людзі скандуюць: «Беларусь!», «Не дэкрэту № 3, Лукашэнка, сыходзь!», «Жыве Беларусь!», «Уладу — народу!», «Верым! Можам! Пераможам!».

18:49 10.3.2017

Арганізатары просяць перайсьці вуліцу на зялёнае сьвятло.

18:55 10.3.2017

Прыйшлі да падатковай інспэкцыі і прымацавалі да дзьвярэй рэазлюцыю мітынгу.

18:56 10.3.2017

Рымашэўскі запрашае на «Марш недармаедаў» у Менску.

18:57 10.3.2017

Рымашэўскі кажа: «Прымусім адмяніць дэкрэт, прымусім правесьці сумленныя выбары».

18:59 10.3.2017

Міліцыі не было бачна падчас акцыі. «Кропкавыя рэпрэсіі ў Берасьці паказалі, што гэта не працуе», — кажа Лябедзька.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG