Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго можна чакаць у беларуска-расейскіх дачыненьнях пасьля пікіроўкі Мядзьведзева і Кабякова ў Бішкеку?


Дзьмітры Мядзьведзеў выступае ў Бішкеку.
Дзьмітры Мядзьведзеў выступае ў Бішкеку.

Глод: Уласна кажучы, маё пытаньне прагучыць больш дакладна, калі прозьвішча Кабякова замяніць на Лукашэнку. Бо няма веры, што асьцярожны кіраўнік беларускага ўраду ўступіў бы ў спрэчку з сваім расейскім калегам без дазволу, а хутчэй — нават без загаду першай асобы Беларусі. Дый Мядзьведзеў, мабыць, перад паездкай у сталіцу Кіргізстану правёў размову са сваім прэзыдэнтам. І трымаўся расейскі прэм’ер як ніколі пагрозьліва. А адказ на пытаньне, чаму пра беларуска-расейскі канфлікт вялі спрэчку прэм’еры, а не прэзыдэнты, становіцца простым, калі ўлічыць фармат перамоваў у Бішкеку: там зьбіраліся менавіта кіраўнікі ўрадаў краін, якія ўваходзяць у Эўразійскі эканамічны саюз.

Мядзьведзеў у сваёй прамове заклікаў удзельнікаў Саюзу не «практыкавацца ў падліках» коштаў на расейскі газ. Ён казаў так: «Давайце наўпрост, бязь хітрыкаў: калі б некаторыя краіны, прысутныя тут, не ўваходзілі ў склад нашага саюзу або выйшлі б зь яго, яны куплялі б цяпер газ па эўрапейскіх коштах... І ня трэба нічога даказваць і практыкавацца ў падліках, усё было б значна даражэй».

Мядзьведзеў канкрэтнай краіны не назваў. Але ўсе зразумелі празрысты намёк на адрас беларускага кіраўніцтва.

чаму кіраўнікі Беларусі робяць выгляд, што яны не чакалі такога разьвіцьця падзеяў? Калі яшчэ толькі падпісваліся дакумэнты аб стварэньні ЭАЭС, Масква адкрыта заяўляла пра пэўныя выключэньні з агульных правілаў

Кабякоў, на што я зьвярнуў увагу, павёў сваю гульню. Ён не абмежаваўся заклапочанасьцю тым, якія складаныя выходзяць двухбаковыя дачыненьні, стаў гаварыць, што неўрэгуляванасьць нафтагазавай праблемы Масквы і Менску перашкаджае разьвіцьцю рынку Эўразійскага эканамічнага саюзу і інтэграцыі ў цэлым.

«Чаму пасьля стварэньня ЭАЭС замест паступовага скарачэньня розьніца амаль у тры разы вышэйшая? Якая свабода руху тавараў, паслуг, капіталу і працоўнай сілы тут можа быць?» — абураўся беларускі прэм’ер.

У пэўнай ступені Кабякоў мае рацыю. Інтэграцыйнае фармаваньне, якім ёсьць Эўразійскі эканамічны саюз, павінна было б мець агульныя правілы гульні. Аднак іх дагэтуль няма. І гэта дрэнна.

Але ж дзіўна і іншае: чаму кіраўнікі Беларусі робяць выгляд, што яны не чакалі такога разьвіцьця падзеяў? Калі яшчэ толькі падпісваліся дакумэнты аб стварэньні ЭАЭС, Масква адкрыта заяўляла пра пэўныя выключэньні з агульных правілаў, пра асаблівае становішча энэрганосьбітаў. Менск пра гэта ведаў. І Лукашэнка нават пагражаў не падпісаць дакумэнты аб стварэньні ЭАЭС. Але ж Масква паабяцала тады частку нафтавых грошай пакінуць Менску, і Лукашэнка паставіў свой подпіс пад галоўнымі дакумэнтамі Эўразійскага саюзу.

Аднак за гэты час прынцыпова зьмянілася сытуацыя ў Расеі. Калі раней пара-тройка мільярдаў даляраў для Крамля не лічылася сур’ёзнымі грашыма, то цяпер там перайшлі на рэжым жорсткай эканоміі. І даляры проста так сваім суседзям больш раздаваць ня хочуць. А Менск ня хоча пагаджацца з новымі правіламі гульні. Калі столькі гадоў грошы проста валіліся як бы зь неба, то цяпер іх адсутнасьць успрымаецца як кроўная крыўда.

Пакуль жа Менск ад пачатку мінулага году не даплачвае грошы за пастаўкі расейскага газу. Апошняя лічба завінавачанасьці — нібыта 660 мільёнаў даляраў. У адказ Масква з трэцяга кварталу 2016 году істотна абрэзала пастаўкі нафты ў Беларусь. А на мінулым тыдні нанесла яшчэ адзін удар — падняла на 7 даляраў кошт адной тысячы кубоў газу. І гэта вельмі сур’ёзна, бо, як прызнаўся ў Бішкеку Кабякоў, 96% усёй электраэнэргіі ў Беларусі выпрацоўваецца з расейскага прыроднага газу.

Мядзьведзеў напрыканцы сваёй прамовы казаў, што мы сілком у ЭАЭС нікога не трымаем. Дык ці можа Беларусь выйсьці з гэтай інтэграцыйнай структуры?

Карбалевіч: Беларусь традыцыйна выкарыстоўвае падчас канфліктаў з Расеяй інтэграцыйныя аб’яднаньні для шантажу партнэра. Нагадаю, што Лукашэнка байкатаваў саміт ЭАЭС і АДКБ 26 сьнежня 2016 году. Кіраўнік Беларусі адмовіўся падпісаць Мытны кодэкс ЭАЭС.

Гэтым разам Андрэй Кабякоў прыехаў на пасяджэньне Эўразійскай міжурадавай рады, то бок ад тактыкі байкоту Менск адмовіўся. Але вырашыў учыніць маленькі скандал.

Бо звычайна ўсе спрэчныя пытаньні ў ЭАЭС не выносяць на публіку, вырашаюць у кулюарах. А перад публікай лідэры ўсіх краін, як правіла, дэманструюць посьпех, згоду, дружбу.

Менск, мусіць, разьлічваў на падтрымку іншых чальцоў гэтай арганізацыі. Але атрымаў адлуп ад Мядзьведзева. Маўляў, мы вас і так шмат кормім. Больш за тое, у такім жа пляне гэтую палеміку пракамэнтаваў прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Пяскоў.

Менск, мусіць, разьлічваў на падтрымку іншых чальцоў гэтай арганізацыі. Але атрымаў адлуп ад Мядзьведзева. Маўляў, мы вас і так шмат кормім

А сёньня падчас нарады Лукашэнка ўступіў у палеміку зь Мядзьведзевым. Ён заявіў, што мы таксама можам прад’явіць РФ рахунак. Магчыма, меў на ўвазе расейскія вайсковыя аб’екты на тэрыторыі Беларусі.

Сапраўды, гэтая пікіроўка сьведчыць пра крызіс ня толькі беларуска-расейскіх дачыненьняў, але і крызіс ЭАЭС. Ён дрэнна працуе. Правілы або не існуюць, або кожны бок іх трактуе па-рознаму, або ўвогуле не выконвае.

Пра сымптомы гэтага крызісу казаў Кабякоў. А гэта ставіць пад сумнеў сам гэты геапалітычны праект Расеі. Таму Масква так хваравіта ўспрымае гэтую крытыку.

Беларусь ня можа выйсьці ні з ЭАЭС, ні з АДКБ. Бо ў такім выпадку рэакцыя Масквы будзе жорсткай.

У той жа час гэтая палеміка сьведчыць пра тое, што паразуменьня ў нафтагазавых пытаньнях пакуль няма. Хоць ужо два тыдні таму віцэ-прэм’ер Сямашка ўпэўніваў, што пра ўсё дамовіліся.

Цыганкоў: Выхад з усіх гэтых інтэграцыйных аб’яднаньняў для Беларусі пры цяперашняй уладзе зусім неверагодны. І сама Масква даўно ўжо не ўспрымае гэты шантаж, у якой бы форме ён ні паходзіў ад афіцыйных беларускіх асобаў, разумеючы, што на дадзены момант нікуды Менск не падзенецца, а толькі спрабуе вытаргоўваць сабе лепшыя ўмовы.

Выхад з усіх гэтых інтэграцыйных аб’яднаньняў для Беларусі пры цяперашняй уладзе зусім неверагодны. І сама Масква даўно ўжо не ўспрымае гэты шантаж

Газавая спрэчка відавочна зацягнулася. І калі зараз пералічваць, колькі разоў Кабякоў, ці часьцей гэта віцэ-прэм’ер Сямашка, абяцалі, што ўсё ўжо дамоўлена, а пасьля аказвалася, што ніякай дамоўленасьці яшчэ не дасягнута, і гэтыя дамоўленасьці абвяргалі маскоўскія калегі, ці, як калісьці выказаўся Сямашка, «нашы маскоўскія візаві». Гэта ўжо становіцца нейкім кепскім анэкдотам.

Гэта паказвае, што газавы канфлікт глыбейшы, чым спадзяваліся некаторыя — ці, уласна, самі беларускія ўлады. І гэта стратэгічна ня самы прыемны знак для беларускага кіраўніцтва — пераход адносінаў на больш эканамічныя, прагматычныя рэйкі, без дадаваньня ідэалёгіі і геапалітыкі. У чыста эканамічных пытаньнях у беларускага кіраўніцтва нашмат менш козыраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG